Сіламі АДКБ у Казахстане будзе кіраваць камандуючы ПДВ Расеі, які ўдзельнічаў у анэксіі Крыму

Генэрал-маёр Андрэй Сердзюкоў (каляж)

Кіраваць дзеяньнямі сіл АДКБ (Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы) у Казахстане будзе камандуючы ПДВ Расеі генэрал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў.

Пра гэта паведамляе РИА Новости са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка Мінабароны Расеі Ігара Канашэнкава.

Расея адправіла ў Казахстан падразьдзяленьні 45-й брыгады спэцназу ПДВ, 98-й дывізіі ПДВ і 31-й асобнай брыгады ПДВ. У Мінабароны заявілі, што ўсе вайскоўцы маюць баявы досьвед.

Зь біяграфіі Сердзюкова вядома, што ён быў удзельнікам Першай і Другой чачэнскіх войнаў, марш-кідка зводнага батальёну ВДВ на Прышціну і вайсковай апэрацыі Расеі ў Сырыі. У 2014 годзе ён браў удзел у далучэньні Крыму да Расеі, з гэтай прычыны яго ўнесьлі ў санкцыйны сьпіс Украіны. У прыватнасьці, расейскае выданьне «Известия» называла яго «бліскучым арганізатарам» крымскіх падзей.

Камандуючы ВДВ узнагароджаны ордэнамі «За заслугі перад Айчынай» III і IV ступені, а таксама званьнем Героя Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За парадам назіраў генэрал-палкоўнік Сердзюкоў, які камандаваў групоўкай расейскіх сілаў на Данбасе і ў Крыме

Пятага студзеня прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў зьвярнуўся да краін — удзельніц АДКБ з просьбай увесьці войскі для барацьбы з «тэрарыстамі». Экспэрты называюць АДКБ структурай, з дапамогай якой Масква кіруе суседнімі краінамі. Раней просьбы аб міратворцах АДКБ не выконвала.

Шостага студзеня ў краіну прыбылі вайскоўцы з Расеі. Пазьней стала вядома, што ў Казахстан «у складзе сіл АДКБ вылецела беларуская міратворчая рота са 103-й паветрана-дэсантнай брыгады сіл спэцапэрацый». Дэпутаты парлямэнтаў Кіргізстану і Таджыкістану далі згоду на адпраўку войскаў у Казахстан у рамках АДКБ.