Bloomberg: выдадзены Злучаным Штатам расейскі бізнэсмэн можа валодаць зьвесткамі пра ўмяшаньне Расеі ў выбары ў ЗША

Расейскі бізнэсмэн Уладзіслаў Клюшын, выдадзены ЗША са Швайцарыі па справе аб інсайдэрскім гандлі, можа мець доступ да дакумэнтаў аб расейскім умяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля і расейскай вайсковай выведкі. Паводле іх дадзеных, у Клюшына ёсьць інфармацыя пра ўзлом сэрвэраў Дэмакратычнай партыі групай хакераў з ГРУ.

Агенцтва піша, што паўтара года таму Клюшын атрымаў ад прэзыдэнта Расеі ордэн Пашаны, і публікуе фатаграфію ўзнагароды, якая, як сьцьвярджаецца, знаходзіцца ў матэрыялах амэрыканскага суду ў Масачусэтсе. Акрамя таго, апублікавана фатакопія пропуску Клюшына ў Міністэрства абароны Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальніку крамлёўскай сыстэмы маніторынгу блогаў пагражае 20 гадоў турмы ў ЗША

Суразмоўцы Bloomberg таксама сьцьвярджаюць, што ў расейца ёсьць доступ да важных сакрэтных апэрацый ГРУ за мяжой. Калі Клюшын вырашыць супрацоўнічаць са сьледзтвам, то ён можа стаць каштоўнай крыніцай інфармацыі для Вашынгтону, лічаць крыніцы.

Вашынгтон і Масква публікацыю не камэнтавалі.

Адвакат бізнэсмэна паведаміў, што яму не вядома пра дакумэнты, да якіх можа мець доступ ягоны падабаронны. Юрыст заявіў, што ЗША шукалі Клюшына, бо падазравалі, што ў яго ёсьць дадзеныя пра ўмяшаньне ў выбары, каб пазьбегнуць працяглага турэмнага тэрміну за інсайдэрскі гандаль. Паводле словаў адваката, Клюшын абвяргае ўсе абвінавачаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальніка маніторынгу блогаў для адміністрацыі прэзыдэнта Расеі экстрадавалі ў ЗША

Клюшын — уладальнік сыстэмы маніторынгу блогаў і СМІ «Кацюша», якой карыстаюцца Адміністрацыя прэзыдэнта Расеі і Міністэрства абароны. Расейца арыштавалі ў сакавіку ў швайцарскім кантоне Вале. У красавіку выдаць яго папрасіў амэрыканскі кансулят ў Бэрне.

Акрамя Клюшына, абвінавачанымі па справе праходзяць яшчэ чацьвёра расейцаў. Аднаго зь іх — Івана Ермакова — Мінфін ЗША называе былым супрацоўнікам ГРУ. У 2018 годзе яго абвінавацілі ў датычнасьці да ўмяшаньня ў выбары ў Злучаных Штатах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швайцарыі арыштавалі расейскага бізнэсоўца, якога называлі аўтарам тэлеграм-каналу «Незыгарь»