Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальніку крамлёўскай сыстэмы маніторынгу блогаў пагражае 20 гадоў турмы ў ЗША


Выканаўца абавязкаў пракурора акругі Масачусэтс Натаніель Мэндэл на прэс-канфэрэнцыі пра абвінавачаньні Клюшыну

Улады ЗША выставілі абвінавачаньні ў інсайдэрскім гандлі акцыямі расейскаму бізнэсоўцу Ўладзіславу Клюшыну.

У Расеі прадпрымальнік валодае найбуйнейшай сыстэмай маніторынгу блогаў «Катюша», якой карыстаюцца адміністрацыя прэзыдэнта Пуціна, урад, міністэрства абароны, іншыя дзяржаўныя структуры. Толькі па адным з вылучаных абвінавачаньняў у Злучаных Штатах Клюшыну пагражае зьняволеньне да 20 гадоў.

У сьнежні Клюшына экстрадавалі ў ЗША з Швайцарыі. Згодна з пазыцыяй абвінавачаньня, прынамсі ад студзеня 2018-га па верасень 2020 году ён і яшчэ чацьвёра расейцаў, якія застаюцца на волі, гандлявалі каштоўнымі паперамі кампаніяў, у тым ліку IBM і Tesla, атрымліваючы неапублікаваныя зьвесткі аб іх з дапамогай хакерскіх нападаў. Дзякуючы гэтаму, як сьцьвярджаецца, яны маглі атрымаць дзясяткі мільёнаў даляраў прыбытку. У разе прызнаньня расейца вінаватым улады ЗША могуць сканфіскаваць яго маёмасьць, атрыманую незаконным шляхам.

Акрамя Клюшына, абвінавачаньні выставілі двум супрацоўнікам яго кампаніі Івану Ермакову і Мікалаю Румянцаву, а таксама двум жыхарам Пецярбургу Міхаілу Ірзаку і Ігару Сладкову. Яшчэ раней, у 2018 годзе, 35-гадовага Ермакова ў ЗША абвінавацілі ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары ў складзе групы хакераў расейскай вайсковай выведкі ГРУ.

Клюшын адмаўляе віну. Ягоны адвакат заяўляў, што перасьлед бізнэсоўца зьвязаны з працай на расейскі ўрад і яго доступам да сакрэтнай інфармацыі. Пасьля арышту ў Швайцарыі Расея таксама накіравала запыт на экстрадыцыю Клюшына, сьцьвярджаючы, што супраць яго распачалі крымінальную справу па абвінавачаньні ў махлярстве.

  • У 2018 годзе выданьне «Праект» называла Клюшына меркаваным аўтарам папулярнага палітычнага ананімнага тэлеграм-каналу «Незыгарь». Клюшыну ўдалося дабіцца зьняпраўджаньня гэтай інфармацыі ў судзе.
  • «Праект» зьвязваў «Незыгарь» з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна Аляксеем Громавым. У ЗША ён пад санкцыямі. У расейскай палітыцы ён лічыцца, у прыватнасьці, куратарам тэлевізіі.
  • У расьсьледаваньні «Праекту» сьцьвярджалася таксама, што Клюшын быў цесна зьвязаны з расейскім міністэрствам абароны. У сваіх скаргах на арышт і экстрадыцыю бізнэсовец настойваў, што ён і ягоная кампанія «адыгрываюць стратэгічна важную ролю для ўраду Расеі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG