Дар’я Лосік: Я крыкнула Ігару, што абяцаю выцягнуць яго адсюль

Дарʼя Лосік, жонка палітвязьня, журналіста Свабоды Ігара Лосіка адразу пасьля суду ў жывым эфіры Свабоды Premium расказала пра тое, што адбывалася ў судовай залі, што пасьпеў ёй сказаць муж і чаму яна перакананая, што ніхто з палітвязьняў ня будзе сядзець прызначаныя ім тэрміны.

Дарʼя Лосік, жонка палітвязьня Ігара Лосіка, прысутнічала на вынясеньні прысуду ў СІЗА № 3 Гомля. Дарʼя Лосік бачыла Ігара на працягу 15 хвілін.

«На шчасьце, я змагла пабачыць свайго мужа. Ён цудоўна выглядае, як заўсёды. Прыгожа пастрыжаны. Бледны, але гэта праз адсутнасьць сонца і ўмовы ў СІЗА. Але выглядае добра і трымаецца добра. Малойца! Ён найлепшы. Я вельмі рада была яго бачыць. Усе хлопцы, што там былі, — проста прыгажуны. Змагаюцца да канца за справядлівасьць».

Дарʼя Лосік расказала, што Ігар выкрыкнуў, што падчас судовага паседжаньня не было прадʼяўлена ніводнага паста, не было зроблена ніводнай экспэртызы, якая б даказвала ягоную віну.

«Я гэта абавязкова данясу да ўсіх. Успрынялі яны прысуд скептычна, канечне. Любыя лічбы можна прызначыць, абсалютна любыя, але факт застаецца фактам — так ня будзе доўга. Я са свайго боку прыкладу максымум намаганьняў для таго, каб гэта скончылася як мага хутчэй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 18 гадоў зьняволеньня. У закрытым судзе вынесьлі выракі Лосіку, Папову, Сакаву, Статкевічу, Ціханоўскаму і Цыгановічу. ФОТА і ВІДЭА

Паводле Дарʼі Лосік, усе палітвязьні добра трымаліся, зараджалі родных сваёй энэргіяй, гаварылі пра тое, што суд несправядлівы і не павінен быў адбывацца.

«Ігар крыкнуў, што ён мяне моцна кахае, у адказ я крыкнула яму тое самае, а таксама што абяцаю выцягнуць яго адсюль. Думаю, што мне ўдасца гэта зрабіць, што б ні адбылося».

Цяпер Дарʼя выпраўляецца ў Гомельскі абласны суд, каб там напісаць заяву на спатканьне. На абвяшчэньні прысуду таксама былі жонкі Міколы Статкевіча і Ўладзімера Цыгановіча. Дарʼя кажа, што прысуд будуць абавязкова абскарджваць.

«Так трэба. Я разумею, што апэляцыя, магчыма, ні на што не паўплывае, але ў любым выпадку мы будзем гэта рабіць... Я кахаю яго яшчэ болей. І цяпер, калі я ў стане здаровай злосьці, мяне наўрад ці нешта спыніць, каб дапамагчы яму апынуцца найхутчэй зь сямʼёй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пра выракі мужу і іншым палітвязьням: «Будзьце моцнымі. Мы змагаемся за вас кожны дзень»

Дарʼя Лосік расказала, што на працэсе прысутнічалі супрацоўнікі дзяржаўнага ТБ.

«Яны спрабавалі „атакаваць“ усіх прысутных яшчэ на ўваходзе ў СІЗА, але яна на іх не глядзела, бо мяне больш цікавіў мой муж».

Паводле жонкі палітвязьня, прысуд абвяшчалі ў памяшканьні, якое не прызначана для судовых паседжаньняў. Там была клетка, дзе былі падсудныя, нейкія крэслы стаялі. Родных папрасілі прысесьці, але яны стаялі...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскі павярнуўся да судзьдзі сьпінай, Статкевіч крыкнуў «Жыве Беларусь». Як агучвалі прысуд у СІЗА-3 Гомля

Што, на думку Дарʼі Лосік, можна зрабіць для Ігара і іншых палітвязьняў?

«Я заўсёды кажу адно — трэба гаварыць праўду, якой бы яна ні была. Не хаваць яе і не замоўчваць. Калі хаваць яе, ствараецца ўражаньне, што гэтага няма і ўсё ў парадку, як сказаў вядомы нам грамадзянін, усё супакоілася і сьціхла. Але не. Катаваньні, расправы, паказальныя суды — усё гэта працягваецца. Беларусам у Беларусі я жадаю быць сьмелымі і гаварыць пра ўсё беззаконьне, што тут адбываецца, хай гэта нават і страшна. А тым, хто за мяжой, — нагадваць пра палітвязьняў, ладзіць акцыі ў іх падтрымку. Трэба неяк ціснуць на рэжым, таму што ён перайшоў усе магчымыя межы. Другога выйсьця я ня бачу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дар’я Лосік — Лукашэнку: «Дакажыце, што вы не баязьлівец». ВІДЭА

14 сьнежня ў будынку СІЗА-3 у Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

  • Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
  • Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
  • Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
  • Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
  • Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
  • Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Ад прысуду я не чакаю нічога добрага». Галоўнае аб працэсе ў справе Лосіка, Ціханоўскага, Статкевіча і іншых