У папраўчай калёніі строгага рэжыму № 5 у Івацэвічах загінуў вайсковец, паведамляе БелТА са спасылкай на ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці.
Прычынай сьмерці стала «агнястрэльная траўма», інцыдэнт адбыўся ў ноч на аўторак.
«Папярэдне ўстаноўлена, што 35-гадовы старшына ўнутранай службы загінуў ноччу 7 сьнежня ад агнястрэльнай траўмы падчас нясеньня службы ў ВК-5 у Івацэвічах», — заявіў намесьнік начальніка абласнога УСК Сяргей Гарошка.
Сьледчыя правялі агляд тэрыторыі, аднак нейкіх падрабязнасьцяў пра інцыдэнт пакуль няма. У прыватнасьці, невядома, стала сьмерць вайскоўца наступствам замаху ці неасьцярожнага карыстаньня зброяй.
Вядома, што ў Івацэвічах адбываюць пакараньне некаторыя асуджаныя паводле палітычных артыкулаў.
- ПК-5 у Івацэвічах — папраўчая калёнія строгага рэжыму. Яе часта блытаюць зь іншай калёніяй — ПК-22, вядомай пад назвай «Воўчыя норы», якая знаходзіцца за 10 кілямэтраў ад райцэнтру.