Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«У Івацэвічах зрабілі загон для людзей». Ціханоўская абмеркавала з Астаповічам аўдыёзапіс пра канцлягеры


Калёнія ў Івацэвічах. Ілюстрацыйнае фота.

Сьвятлана Ціханоўская правяла свой першы жывы эфір у Інстаграме, у якім пагаварыла зь лідэрам ініцыятывы BYPOL Андрэем Астаповічам пра аўдыёзапіс, дзе чалавек з голасам, падобным да голасу намесьніка міністра ўнутраных спраў Карпянкова, расказвае пра мажлівае стварэньне канцлягераў у Беларусі.

Сьцісла:

  • Ініцыятыва BYPOL плянуе правесьці незалежную экспэртызу голасу на аўдыёзапісе, каб высьветліць, каму ён належыць.
  • У Адзінай кнізе рэгістрацыі злачынстваў ужо больш за 1000 правераных «няфэйкавых» заяваў.
  • Ініцыятыва BYPOL атрымала інфармацыю, што ў цёплы час у калёніі «Воўчыя норы» ў Івацэвічах пачалі ствараць загон для зьняволеных.
  • Міліцыянты ў сваіх рэальных дакумэнтах базу паўторных парушэньняў па адміністрацыйным артыкуле 23.34 называюць «БЕСпарадкі».

Як сьцьвярджае BYPOL, у кастрычніку 2020 году на разьвітальнай сустрэчы з асабовым складам ГУБАЗіК Карпянкоў расказаў пра новыя віды спэцыяльных сродкаў зь вялікай сілай траўмаваньня, якія паступілі на ўзбраеньне і маюць прымяняцца супраць грамадзянаў, і пра спосабы іх прымяненьня для наступленьня сьмяротнага выніку.

Ціханоўская прызналася, што пасьля таго, як яна падключылася да жывога эфіру фэльчара з Горадні Фёдара Сумкіна, ёй многія пісалі, каб правяла свой жывы эфір. На ім яна задавала пытаньні Андрэю Астаповічу.

«Калі бачым гэтыя парушэньні і стаўленьне кіраўніцтва, хочацца гэтыя рамкі ўжо пераступіць і радыкалізаваць наш працэс, больш рашучыя дзеяньні для зьвяржэньня рэжыму прымаць, бо моцна злуе гэта, абурае, як яны ставяцца да загінулых людзей, як яны ўвогуле сябе паводзяць, што гатовыя масава гэта праводзіць, канцлягеры... Гэта ня толькі пацьвярджае гэты аўдыёзапіс. Інфармацыі вельмі шмат. І закрыцьцё межаў, гэта ўсё ўскосна да аднаго вядзе», — пракамэнтаваў Андрэй Астаповіч публікацыю аўдыёзапісу.

Ініцыятыва BYPOL плянуе правесьці незалежную экспэртызу голасу на аўдыёзапісе ў краінах Эўразьвязу і іншых, каб высьветліць, каму ён належыць.

Астаповіч адзначыў, што цяпер іхная ініцыятыва пачала атрымліваць шмат інфармацыі ад супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, у тым ліку пасьля публікацыі згаданага аўдыёзапісу.

«Зваротная сувязь ёсьць, канфлікт інтарэсаў сыстэмы ёсьць. Мы атрымліваем ад гэтых супрацоўнікаў інфармацыю, што яны самі не жадаюць ажыцьцяўленьня гэтых плянаў, якія кіраўніцтва краіны выбудоўвае для ўсяго нашага народу», — адзначыў Астаповіч.

Па словах Астаповіча, па законе Беларусі за словы на аўдыёзапісе можа пагражаць шэраг артыкулаў, а Сьледчы камітэт абавязаны пачаць праверку.

«Гэта можна ўспрымаць як загад, інструктаж для парушэньня закону аб прымяненьні фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў, зброі і баявой тэхнікі, бо на ўсе гэтыя інструкцыі наплявалі, гэта як злачынны загад. Гэта як саўдзел у злачыннай арганізацыі і групоўцы па незаконным захопе ўлады і ўтрыманьні яе, і генацыд народу (за генацыд Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае пакараньне аж да сьмяротнага. — РС). На сусьветнай арэне будуць іншыя абставіны», — патлумачыў Астаповіч.

Паводле лідэра ініцыятывы BYPOL, у Адзінай кнізе рэгістрацыі злачынстваў ужо больш за 1000 правераных «няфэйкавых» заяваў. Штомесяц 20-га чысла ініцыятыва плянуе публікаваць зьвесткі з гэтай Кнігі.

Што да закупу пісталетаў Ярыгіна, Астаповіч патлумачыў, што іх закуплялі для ГУБАЗіКа, бо, у адрозьненьне ад падразьдзяленьняў АМАП і «Алмаз», у іх не было траўматычнай зброі.

«ГУБАЗ было не баявое падразьдзяленьне. Яны змагаліся з арганізаванай злачыннасьцю, гэта „опэры“. У іх баявой зброяй быў пісталет Макарава, для асабістай абароны. Але баявую зброю амаль не выкарыстоўваюць... І спэцсродкі ім не выдавалі, як АМАПу, „Алмазу“. Чаму яны ў касьцюмах спартовых бегаюць? Бо на іх не пашылі форму для падаўленьня беспарадкаў, як яны іх называюць... Гэта не драбавікі, а пісталеты, якія можна насіць схавана ў цывільнай форме адзеньня. „Ціхары“, як іх называюць, знаходзяцца на гэтым мітынгу, правакуюць пратэстоўцаў для няправільных дзеяньняў, але калі раптам яго раскрыюць, каб ён мог самаабараняцца не з баявой зброі, а з траўматычнай. Хаця з тых адлегласьцяў, зь якіх яны яе прымяняюць, гэта тое самае, што баявая», — расказаў Астаповіч.

Ён расказаў, што яны атрымалі інфармацыю з калёніі «Воўчыя норы» ў Івацэвічах, калі насамрэч калючы дрот нацягвалі вакол слупоў.

«Яны рэальна рабілі загон для людзей. Тады было па 7 тысяч затрыманых за адзін дзень. Яны ня ведалі, куды ўжо звозіць. Яны хацелі ў загон людзей звозіць, пакуль цёпла, акружыць іх людзьмі з аўтаматамі і трымаць пад аховай там. Сапраўдны канцлягер», — расказаў Астаповіч.

Зь ягоных словаў, міліцыянты назвалі сваю базу паўторных парушэньняў па адміністрацыйным артыкуле 23.34 «БЕСпарадкі».

«У сваіх дакумэнтах, рэальных дакумэнтах супрацоўнікаў, яны пішуць „БЕС“ вялікімі літарамі, „парадкі“ маленькімі. У іх ужо зусім, як казалі, фляга сьвісьціць... То бок людзі — гэта бесы, а яны будуць наводзіць парадкі», — кажа суразмоўца.

«Што цябе асабіста больш за ўсё ўразіла ў гэтым аўдыёзапісе?» — удакладніла Ціханоўская ў Астаповіча.

«Канечне, аўдыёзапіс такі атрымаўся, што кранае ўсё. Увагу перадусім я б завастрыў на лягерах, на тым, што гэтая каманда паходзіць ад Лукашэнкі, і не адзін Карпянкоў прысутнічаў на гэтай нарадзе, там прысутнічала шмат кіраўнікоў, я думаю, ня толькі сілавога блёку. Даводзіліся гэтыя словы ня толькі Карпянковым свайму асабоваму складу, але і іншым кіраўнікам, і ў рэгіёнах, і ў падразьдзяленьнях.

Тую прамову, як ён сябе паводзіць, як ён выступае перад асабовым складам, якія ў яго словы-паразыты ёсьць... Паколькі ён перад асабовым складам выступае, займае такую пасаду, разумееш, што цяпер службовыя асобы — гэта ня тыя, хто заслужыў некалькі дыплёмаў з чырвонай адукацыяй, хто талковы і сумленны чалавек, а той, хто гатовы за прозьвішча Лукашэнка бегаць і забіваць клін, то бок па даверы, а не па дзеяньнях», — выказаўся Астаповіч.

  • Першы стрым Ціханоўскай у Інстаграме адначасна глядзелі больш за 4 тысячы чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG