Фрылансэра Свабоды Андрэя Кузьнечыка пакаралі яшчэ 10 суткамі арышту, прэзыдэнт Радыё Свабода патрабуе яго вызваленьня

Андрэй Кузьнечык

Андрэй Кузьнечык другі раз запар пакараны 10 суткамі арышту.

6 сьнежня фрылансэру Радыё Свабода Андрэю Кузьнечыку прысудзілі яшчэ 10 сутак арышту, паведамілі ў ягонай сям'і. Яго зноў судзілі за «дробнае хуліганства». Віны Андрэй не прызнаў, перадач для яго не бяруць. Пасьля першых 10 сутак Андрэя Кузьнечыка не адпусьцілі.

З нагоды гэтага выраку Прэзыдэнт Радыё Свабода/Радыё Свабодная Эўропа Джэймі Флай заявіў:

«Падаўжэньне тэрміну пакараньня Андрэя паводле абсурдна сфабрыкаваных абвінавачаньняў само па сабе павінна разглядацца як злачынства. Выкраданьне Андрэя, арганізаванае дзяржавай, працягваецца, і гэта яшчэ адзін з крокаў рэжыму Лукашэнкі дзеля таго, каб заблякаваць доступ незалежнай інфармацыі да беларускага народу. Андрэю павінна быць дазволена вярнуцца да сваёй сям'і неадкладна».

Першы вырак Андрэю Кузьнечыку

26 лістапада ў Менску адбыўся першы суд над фрылансэрам Радыё Свабода Андрэем Кузьнечыкам. Пра вырак пазьней стала вядома ягоным сваякам. Заводзкі раённы суд Менску прызнаў тады Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 суткамі арышту. Андрэй на працэсе віны не прызнаў. Яго зьмясьцілі ў турму на Акрэсьціна.

25 лістапада фрылансэр Радыё Свабода Андрэй Кузьнечык перастаў выходзіць на сувязь. Неўзабаве стала вядома, што яго затрымалі і правялі ў кватэры ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. На наступны дзень стала вядома, што Кузьнечыка зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна. Жонцы Андрэя Алесі Рак у ізалятары, аднак, сказалі ўдзень, што яе мужа ў іх няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт РС/РСЭ Джэймі Флай: «Андрэй Кузьнечык павінен быць неадкладна вызвалены!»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Радыё Свабода катэгарычна адхіляе гэты сьмешны ярлык», — прэзыдэнт RFE/RL адрэагаваў на абвяшчэньне сацсетак «экстрэмісцкімі матэрыяламі»