Прэзыдэнт Зэман прызначыў Пэтра Фіялу кіраўніком ураду Чэхіі

Пэтр Фіяла, новы прэм’ер-міністар Чэхіі

У Чэхіі ў нядзелю, 28 лістапада 2021 году, у замку Ланы, у адной з дзьвюх афіцыйных рэзыдэнцый прэзыдэнта рэспублікі адбылася цырымонія прызначэньня прэм’ер-міністра Пэтра Фіялы.

Пэтр Фіяла — палітык лібэральна-кансэрватыўнага кірунку. У пэрыяд паміж траўнем 2012 году і ліпенем 2013 году быў міністрам адукацыі, моладзі і фізычнай культуры ва ўрадзе Пэтра Нэчаса. У акадэмічным асяродзьдзі вядомы як былы рэктар і прарэктар Масарыкавага ўнівэрсытэту ў Брне.

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман (справа) прызначае Пэтра Фіялу кіраўніком ураду. Рэзыдэнцыя ў замку Ланы, 28 лістапада 2021

Фіяла — старшыня праўленьня аналітычнага цэнтру «Правы бераг», мэта якога — стварэньне ідэалягічнай асновы правай лібэральна-кансэрватыўнай палітыкі. У пэрыяд паміж 2007 і 2012 гадамі быў сябрам праўленьня Інстытуту вывучэньня таталітарных рэжымаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі створаць прадстаўніцтва беларускай апазыцыі

Як паведамлялася на сайце прэзыдэнта Чэскай Рэспублікі, цырымонія прызначэньня кіраўніка ўраду была падрыхтаваная так, каб забясьпечыць выкананьне патрабаваньняў Канстытуцыі ва ўмовах надзвычайнага становішча і дзейных гігіенічных мераў.

У прэзыдэнта Чэхіі Мілаша Зэмана днямі пацьверджаны COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чэхіі надзвычайнае становішча праз COVID-19, захварэў прэзыдэнт Зэман

Канстытуцыйны акт, як было загадзя абвешчана, праходзіў у адпаведнасьці з надзвычай строгімі гігіенічнымі мерамі. Прэзыдэнт рэспублікі выказаў асабістую згоду на ўсе меры і гатовасьць прыняць іх у сваіх інтарэсах. Прэзыдэнт, у інвалідным вазку, быў аддзелены ад прысутных спэцыяльнай празрыстай сьцяной. Разам з тым паміж кіраўніком дзяржавы і прызначаным прэм’ер-міністрам забясьпечваўся візуальны і гукавы кантакт.