ТБМ пакідае менскую сядзібу, якую займала 30 гадоў, і ладзіць разьвітальную талаку

Адна з імпрэзаў у сядзібе ТБМ, архіўнае фота

Кіраўніцва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны запрашае на талаку, каб пасьля ліквідацыі арганізацыі дапамагчы вызваліць памяшканьне сядзібы ў Менску.

«Дзеля таго, каб вызваліць усё з нашай сядзібы, мы арганізоўваем у суботу 27 лістапада талаку (пачатак а 12-й). Кожны зможа забраць на памяць якую-небудзь рэч — напрыклад, кнігу ці газэту. Шмат што будзе вывезена для захаваньня.

Спадзяёмся таксама, што да канца месяца здолеем сабраць 3200 рублёў, каб цалкам разьлічыцца за гэты месяц арэнды і ў сьнежні ня мець ніякіх фінансавых абавязаньняў. Будзем удзячныя ўсім, хто дапаможа сабраць рэчы і сплаціць неабходную суму», — заклікала кіраўніца ТБМ, экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вярхоўны суд ліквідаваў Таварыства беларускай мовы

Раней Вярхоўны суд на пазоў Міністэрства юстыцыі прыняў рашэньне аб ліквідацыі арганізацыі, якая існавала з 1989 году і фактычна ад таго часу месьцілася ў менскім офісе на вуліцы Румянцава, 13.

Больш за 30 гадоў гэта быў адзін з цэнтраў нацыянальнуй культуры, дзе ладзіліся прэзэнтацыі выданьняў, праводзіліся моўныя курсы, а таксама можна было набыць беларускія газэты, кнігі, дыскі, сувэніры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ТБМ патрабуе спыніць перасьлед зьняволеных за ўжываньне беларускай мовы ў турмах

ТБМ было заснаванае дзеля падтрымкі і разьвіцьця беларускай мовы і культуры, а таксама абароны моўных правоў грамадзян.

Да красавіка 1997 году арганізацыю ўзначальваў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Затым на працягу двух гадоў арганізацыяй кіраваў паэт і дыплямат Генадзь Бураўкін. Увосень 1999-га старшынём быў абраны археоляг, гісторык архітэктуры, палітычны дзяяч Алег Трусаў.

У кастрычніку 2017 году абʼяднаньне ўзначаліла філёляг Алена Анісім, якая на той момант была дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.