Ігар Банцэр адбываў частку пакараньня штрафным ізалятарам у горадзе Гарадок Віцебскай вобласьці. Стала вядома, за што менавіта яго двойчы пакаралі за апошні час.
Як Ігар Банцэр расказаў Свабодзе, што першыя 10 дзён яму далі, бо адмовіўся выконваць патрабаваньне адміністрацыі віцебскай «хіміі».
«Яны хацелі пасяліць мяне да чалавека зь „нізкім статусам“. Я адмовіўся. Яны знарок так хацелі зрабіць перад маім пераводам на „зону“ (у калёнію. — РС). Там я б ня здолеў камунікаваць з „нармальнымі пацанамі“, стаў бы „адсаджаным на кубак“ (ізаляваным ад іншых вязьняў паводле няпісанага турэмнага кодэксу. — РС). Перада мной у калёнію паляцела бы „малява“ (цыдулка. — РС) ад міліцыянтаў, што едзе чалавек зь „нізкім статусам“. Але я на гэта не пайшоў», — патлумачыў Ігар Банцэр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Карцару я не перажыву, нават галадоўкі ня трэба». Што адбываецца з музыкам Банцэрам, якога чакалі на воліДругое пакараньне яму выпісалі за тое, што ляжаў, а не сядзеў удзень на ложку, калі знаходзіўся на карантыне.
Палітвязень расказаў, што цяпер адчувае сябе кепска фізычна, бо ў штрафным ізалятары было вельмі холадна і бракавала ежы.
«У ШЫЗА дубак, няма ацяпленьня. То бок тэмпэратура амаль як на вуліцы, цяплей толькі ад таго, што надыхалі, і таму, што ветру няма. Пасьцельную бялізну і матрац на ноч выдаюць. Зь ежай там кепска, яна бывала непадагрэтая, няма вітамінаў, не дазволены перадачы з волі, няма кіпяцільніка. Да таго ж я вэгетарыянец, таму яшчэ менш калёрый і энэргіі. Пачаў есьці рыбу», — расказвае зьняволены.
24 лістапада Банцэра чакае новы суд у Віцебску, на якім разгледзяць ягоны перавод на больш жорсткі рэжым. Такі суд ужо прайшоў 29 верасьня, тады прынялі рашэньне аб ягоным пераводзе з «хіміі» у калёнію. Аднак пазьней высьветлілася, што паперы празь зьмены ў заканадаўстве аформілі няправільна (спаслаліся на 415 артыкул, які ўжо выключылі з Крымінальнага кодэксу). Таму цяпер правядуць новы суд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Навіны палітвязьняў 12 лістапада: анархіст Емяльянаў скончыў галадоўку, якую трымаў 20 дзён; музыку Банцэру далі яшчэ 10 дзён у ШЫЗАПраз блытаніну ў дакумэнтах цяпер не зусім зразумела, калі рок-музыкант мае выйсьці на волю. 29 верасьня яму прызначылі адбываць 55 дзён у калёніі агульнага рэжыму. Калі б ён увесь час пасьля суду правёў у калёніі, то павінен быў бы выйсьці на волю ў канцы лістапада. Частку пакараньня Банцэр правёў у віцебскім СІЗА, дзе тэрмін ідзе ў паўтара раза хутчэй, то бок гарадзенец мог вызваліцца нават у пачатку лістапада. Чаму вязень яшчэ застаецца за кратамі, незразумела.
Калі выявілі памылку ў дакумэнтах, Банцэра вярнулі на «хімію», а адтуль накіравалі ў штрафны ізалятар у Гарадок. Цяпер ён зноў на «хіміі», чакае суду. Супрацоўніца «хіміі» вусна паведаміла Банцэру, што тэрмін ягонага зьняволеньня скончыцца сёлета 17 сьнежня.
Ігар Банцэр — актывіст і музыка з Горадні. Яго затрымалі летась у кастрычніку. За гэты час ён двойчы галадаваў на знак пратэсту: 16 дзён бязь ежы і вады ў сакавіку, 19 дзён на халоднай вадзе ў жніўні. Ад гэтага ягонае здароўе моцна пагоршылася. Да таго ж пасьля турмы ў яго выявілі гепатыт С. Ён лічыць, што яму неабходна мэдычнае абсьледаваньне і лячэньне ў шпіталі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Палітвязьня Ігара Банцэра зноў перавялі на віцебскую «хімію»