Лукашэнка заявіў, што ўзначаліць Усебеларускі народны сход і хоча атрымаць ад Расеі некалькі дывізіёнаў ракет «Іскандэр»

Расейскі ракетны комплекс «Іскандэр»

Лукашэнка нагадаў, што ў 2021 годзе былі пускі ракет на вучэньнях «Захад-2021».

Пра гэта інфармуе ТАСС.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што хацеў бы атрымаць ад Расеі некалькі дывізіёнаў апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр».

«Мне трэба некалькі дывізіёнаў на заходнім, на паўднёвым напрамку, няхай стаяць. Гэта 500 км [далекасьць пуску], таму што наш „Палянэз“ — да 300 км. Зараз катурхаю вашага прэзыдэнта [Уладзіміра Пуціна], мне трэба тут гэтыя 500-кілямэтровыя ракетныя ўстаноўкі», — сказаў Лукашэнка ў інтэрвію галоўнаму рэдактару расейскага часопісу «Нацыянальная абарона» Ігару Каротчанку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія ўлады патлумачылі, чаму прысылалі свае бамбавікі ў Беларусь і як гэта зьвязана зь міграцыйным крызісам

Лукашэнка нагадаў, што ў бягучым годзе былі пускі ракет на вучэньнях «Захад-2021». «Мы бачым, дзе і ракетай трэба нанесьці ўдар, і «Кропку» (ракетны комплекс) задзейнічаць і [зэнітны ракетны комплекс] «Бук-МБ», — адзначыў ён.

Лукашэнка сказаў, што беларускім ВПК шмат зроблена «і па бронетэхніцы». «Многае і па бронетэхніцы зрабілі, вельмі важная цяпер мабільнасьць, таму мы стварылі машыны на МЗКЦ (Менскі завод колавых цягачоў), бронемашыны, восем-дзевяць чалавек экіпаж, як БТР», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністру абароны Беларусі далі кабінэт у Маскве

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі «добрая армія, падрыхтаваная і ўзброеная нядрэнна». «Мы чатыры разы мадэрнізавалі свае ўзброеныя сілы. Але ў нас вайна будзе іншая, у нас лясіста-багністая мясцовасьць. І калі супраць нас будзе наземная апэрацыя, нам трэба ўмець ваяваць на зямлі» — сказаў Лукашэнка і дадаў, што «так, ракетамі нас могуць накрыць, але наземную апэрацыю яны ніколі не правядуць у Беларусі — мы да гэтага гатовыя».

Ад Расіі, паводле слоў Лукашэнкі, яму важна ведаць, што яна падтрымае ў цяжкую хвіліну. «Калі будзе цяжка, каб я ведаў, што за сьпінай у мяне ёсьць старэйшы брат, які не дазволіць пакрыўдзіць малодшага», — сказаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шайгу заявіў, што ў Беларусі будуць два вучэбна-баявыя цэнтры Ўзброеных сілаў Расеі. Раней казалі пра адзін

Лукашэнка ўзначаліць Усебеларускі народны сход

Таксама Лукашэнка інтэрвію галоўнаму рэдактару расейскага часопісу «Нацыянальная абарона» Ігару Каротчанку заявіў, што ён «павінен адысьці ва Ўсебеларускі народны сход», а пасады прэзыдэнтаў і міністраў пакінуць для «новага пакаленьня». І адзначыў, што цяпер агаворваецца, каб вынесьці на УНС пытаньні фармаваньня Канстытуцыйнага суду, абвяшчэньне вайны і міру, пытаньне імпічмэнту, адпраўкі вайскоўцаў за межы Беларусі, фармаваньне ЦВК і іншыя.