Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія ўлады патлумачылі, чаму прысылалі свае бамбавікі ў Беларусь і як гэта зьвязана зь міграцыйным крызісам


Расейскі бамбавік Ту-22М3. Архіўнае фота
Расейскі бамбавік Ту-22М3. Архіўнае фота

Намесьнік пастаяннага прадстаўніка Расеі пры ААН Дзьмітрый Палянскі ў адказ на пытаньні журналістаў у Нью-Ёрку заявіў, што палёты расейскіх стратэгічных бамбавікоў над Беларусьсю зьвязаны з нарошчваньнем вайсковай прысутнасьці на польска-беларускай мяжы.

Дзьмітрый Палянскі патлумачыў, што палёты выконваліся ў межах абавязаньняў перад беларускім саюзьнікам.

«У нас ёсьць абавязаньні ў рамках саюзу Расеі і Беларусі, у рамках АДКБ. Так што, калі адбываецца нарошчваньне вайсковых рэсурсаў на мяжы зь Беларусьсю, мы вымушаны рэагаваць», — адзначыў ён.

Ён адзначыў, што гэта проста выведныя палёты, нічога больш.

«Мы нічога не парушаем», — дадаў Палянскі.

Бамбавікі Ту-22М3, якія належаць Паветрана-касьмічным сілам Расеі, пачалі патруляваць межы ў паветранай прасторы Беларусі 10 лістапада. Тады Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што, пачынаючы з таго дня, такія палёты будуць рэгулярнымі. Таксама ў неба падымалі зьнішчальнікі, «якія ўваходзяць у камплект адзінай рэгіянальнай сыстэмы войскаў супрацьпаветранай абароны».

Да таго ж уздоўж мяжы з Эўразьвязам беларускія ўлады павялічылі колькасьць дзяжурных сілаў супрацьпаветранай абароны.

11 лістапада 2 расейскія Ту-ТУ-160 вучыліся кідаць бомбы на адным зь беларускіх палігонаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG