У Крамлі пракамэнтавалі сытуацыю зь мігрантамі на беларуска-польскай мяжы

Уладзімір Пуцін і Дзьмітрый Пяскоў

У Крамлі перакананыя, што ўлады Беларусі робяць усе неабходныя захады для гарантыі бясьпекі і Расеі, і Беларусі ў сувязі з сытуацыяй зь мігрантамі на польска-беларускай мяжы, паведамляе Інтэрфакс.

«Безумоўна, мы тут не сумняваемся, што міграцыйныя службы Беларусі прымаюць усе неабходныя меры, каб сытуацыю ўтрымліваць у законным рэчышчы», — сказаў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, адказваючы на адпаведнае пытаньне журналістаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая калёна мігрантаў прыйшла да польскай мяжы ў суправаджэньні ўзброеных асоб. ВІДЭА

Ён адзначыў пры гэтым: «Мы таксама не сумняваемся, што ўлічваюцца меркаваньні бясьпекі і магчымая занепакоенасьць у сувязі з тым, што гэтыя мігранты могуць перацякаць і на нашу тэрыторыю».

Прадстаўнік Крамля прызнаў пры гэтым, што «сытуацыя няпростая».

«Меры прымаюцца, але сытуацыя, безумоўна, няпростая. І, вядома, вялікі груз кладзецца на плечы беларускіх уладаў», – падкрэсьліў Пяскоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачалася найбуйнейшая спроба гвалтоўнага ўваходу ў Польшчу», — польскі ўрад пра калёну мігрантаў