Давыдзька: Законапраект аб прызнаньні генацыду беларускага народу могуць прыняць ужо ўвосень

Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

У Беларусі распрацоўваецца законапраект аб прызнаньні генацыду беларускага народу. Яго могуць прыняць у першым чытані яшчэ ўвосень.

Пра гэта паведамляла агенцтва БелТА, цытуючы намесьніцу старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілію Ананіч.

«Ініцыятыва Генэральнай пракуратуры пачутая дэпутатамі, і сёньня ў дастатковай ступені гатоўнасьці праект заканадаўчага акту, які прызнаны стаць палітычным, прававым і маральным дакумэнтам, законам, які асуджае генацыд беларускага народу, прызнае генацыд беларускага народу», — сказала Ананіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адказных за генацыд беларусаў генпракурор прапануе шукаць сярод літоўцаў і палякаў

Тым часам Генадзь Давыдзька, старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, заявіў, што Палата прадстаўнікоў можа прыняць праект гэтага закону ў першым чытаньні ўжо на восеньскай сэсіі . Паводле яго, дакумэнт кароткі, зьмясьціўся на адным аркушыку паперы. Законапраект прадугледжвае, што будуць распрацаваныя іншыя заканадаўчыя акты, якія вызначаць адказнасьць за адмаўленьне генацыду беларускага народу.

У красавіку сёлета генэральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасьляваенны пэрыяд. У траўні Швэд заявіў, пракуратура ў рамках распачатай справы ўстанавіла зьвесткі пра яшчэ жывых нацысцкіх злачынцаў, якія бралі ўдзел у дзейнасьці карных батальёнаў, «у першую чаргу літоўскіх батальёнаў СС і Арміі Краёвай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракурор Беларусі завёў крымінальную справу «па факце генацыду насельніцтва Беларусі» ў гады вайны, якая скончылася 75 гадоў таму