Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Беларусі завёў крымінальную справу «па факце генацыду насельніцтва Беларусі» ў гады вайны, якая скончылася 75 гадоў таму


Андрэй Швед.

Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасьляваенны пэрыяд, заявіў журналістам генэральны пракурор Андрэй Швед, перадае БЕЛТА.

«У мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасьці, ліквідацыі белых плям гісторыі, умацаваньня канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бясьпекі мною заведзена крымінальная справа па факце генацыду насельніцтва Беларусі», — паведаміў Андрэй Швед.

«Сутнасьць гэтага расьследаваньня і прадмет, вядома, у першую чаргу мае на ўвазе неабходнасьць звароту ў кампэтэнтныя органы шэрагу дзяржавы з просьбай аб аказаньні прававой дапамогі. Аб’ектыўна мы разьлічваем на апэратыўную дапамогу ведамстваў і архіваў Расеі, дзе, па нашых зьвестках, сабрана і маецца досыць шмат дакумэнтаў пра генацыд беларусаў і іншых асобаў, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у пэрыяд Вялікай Айчыннай вайны. Вядома, мы зьвернемся па дапамогу да ведамстваў і ўстаноў ФРГ, якія ў свой час займаліся расьследаваннем фактаў генацыду на тэрыторыі БССР», — сказаў генэральны пракурор Швед.

Ён паведаміў, што будуць складацца сьпісы злачынцаў, памерлых і якія цяпер жывуць, і будуць зьбіраць матэрыялы з просьбай аб правядзеньні працэсуальных дзеяньняў у дачыненьні да гэтых асоб на тэрыторыі тых дзяржаў, дзе яны пражываюць, і ставіць пытаньне аб іх выдачы для адкрытага суду на тэрыторыі Беларусі.

Што папярэднічала гэтаму рашэньню

Аляксандар Лукашэнка ў сакавіку падчас мітынгу-рэквіему «Лямпада памяці», прымеркаваным да 78-й гадавіны зьнішчэньня нацыстамі вёскі Хатынь, зьвярнуўся да тых, хто «сьвядома спрабуе адрадзіць сымбалі нацызму», заявіў, што пад бел-чырвона-белым сьцягам праводзіўся генацыд беларускага народу і нагадаў пра шматлікія нацысцкія канцлягеры ў Беларусі.

Дадаў таксама, што «сіла беларускага народу — у гістарычнай памяці». Што «мы ніколі не даруем жорсткасьці, бесчалавечнасьці і бясчынства ворага на нашай зямлі».


У 1995 годзе ў інтэрвію нямецкаму выданьню Handelsblatt Аляксандар Лукашэнка захапляўся нямецкім парадкам, які здолеў пабудаваць Гітлер.

Лукашэнка таксама пазьней прызнаўся, што ў адносінах з Польшчай «апошняй кропляй», якая перапоўніла ягоную чашу цярпеньня, сталі «непрыхаваныя спробы гераізацыі бандытаў і ваенных злачынцаў».

Гаворка пра імпрэзу ў гонар «праклятых жаўнераў», якая скончылася высылкай польскіх консулаў зь Берасьця і Горадні, а таксама беларускіх дыпляматаў з Варшавы, арыштам лідэраў Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.

У красавіку затрымалі мастака Алеся Пушкіна. 26 сакавіка пракуратурай Горадні была распачатая крымінальная справа па ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці або розьні) у дачыненьні да Алеся Пушкіна, а таксама кіраўніка прыватнай установы «Цэнтар гарадзкога жыцьця» журналіста Паўла Мажэйкі і «іншых асобаў» за «ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». Фігурантам пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Журналіст Павал Мажэйка быў затрыманы 26 сакавіка, але 29 сакавіка яго выпусьцілі з горадзенскага ІЧУ. Як паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў, яго вызвалілі з фармулёўкай «зьніклі падставы для затрыманьня». «Аднак сьледчыя сказалі, што выклікаць зноў яго могуць у любы момант», — адзначылі ў БАЖ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG