Нагодай стала традыцыйная памятная акцыя ў Казані 15 кастрычніка. У гэты дзень арганізацыя праводзіць мітынг у памяць ахвяраў узяцьця гораду войскамі рускага цара Івана Грознага ў 1552 годзе, нагадвае рэдакцыя Идель.Реалии.
На мерапрыемстве быў зачытаны зварот Усетатарскага цэнтру, у якім крытыкавалася зьяўленьне ў расейскай Канстытуцыі згадкі «дзяржаваўтваральны народ», пад якім, хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе расейцы. Яна была дададзена ў папраўках у асноўны закон РФ, прынятых у 2020 годзе.
Татарская арганізацыя запатрабавала, каб парлямэнт Татарстану прыняў закон, які сьцьвярджае татарскі народ дзяржаваўтваральным у рэспубліцы. Пракуратура ўгледзела ў тэксьце «магчымую наяўнасьць варожага кантэксту» і «супрацьпастаўленьне расейцаў і татараў як «дзяржаваўтваральнага» і «калянізаванага» народаў.
Кіраўнік Усетатарскага грамадзкага цэнтру Фарыт Закіеў заявіў «Коммерсанту», што ня згодны з прэтэнзіямі пракуратуры. «Не было б гэтага звароту — знайшлі б што-небудзь іншае», — пракамэнтаваў ён адміністрацыйную справу.
У студзені рэспубліканская пракуратура запатрабавала прызнаць Усетатарскі грамадзкі цэнтар экстрэмісцкай арганізацыяй. Разгляд справы ў судзе яшчэ ня скончаны.
Усетатарскі грамадзкі цэнтар — найбуйнейшая грамадзкая нацыяналістычная арганізацыя ў Татарстане. Першапачаткова яна дамагалася незалежнасьці рэспублікі. З канца дзевяностых гадоў яе ўдзельнікі канцэнтруюцца на культурных мерапрыемствах, выступаючы за абарону татарскай мовы і нацыянальнай культуры.