Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што службу на мяжы нясуць амаль 6 тысяч салдат. Прычына павелічэньня кантынгенту — рэзкі рост міграцыі, заявіў міністар абароны.
Да таго мяжу ахоўвалі 3 тысячы польскіх вайскоўцаў, але польскія службы папярэджвалі пра магчымае павелічэньне прысутнасьці ўдвая. Цяпер польскі ўрад сапраўды сьцягнуў яшчэ больш вайскоўцаў да мяжы зь Беларусьсю.
Службу на мяжы нясуць 12-я, 16-я і 18-я дывізіі польскага войска.
За мінулыя суткі на мяжы затрымалі 6 мігрантаў — 5 з Іраку і 1 з Сырыі, у астатніх 424 спробах мігранты былі адпраўленыя назад у Беларусь. Працягнуліся і затрыманьні за дапамогу ў нелегальным перасячэньні мяжы, за папярэдні дзень такіх адбылося 4 — гэта грамадзяне Польшчы, Сырыі, Ірану і Палестынскай аўтаноміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Яны спустошылі нашыя кішэні, а ўначы сілай адвезьлі нас да мяжы», — мігранты пра беларускіх сілавікоўУ Літве 20 кастрычніка адбудзецца адмысловае пасяджэньне ўраду аб папраўках у закон, які прадугледжвае магчымасьць абмежаваньня волі мігрантаў у пэўных выпадках па заканчэньні тэрміну затрыманьня і без рашэньня суду. Таксама папраўкі паскараюць працэдуры падачы скарг, піша BNS.
Рэдагаваньне закону таксама мае на мэце юрыдычна адрозьніць асобаў, якія шукаюць прыстанішча, і нелегальных мігрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міграцыйны крызіс. Эўразьвяз пералічыў Літве 30 мільёнаў эўраЦяпер Закон аб прававым становішчы іншаземцаў прадугледжвае, што ў выпадку вайны ці надзвычайнай сытуацыі шукальнікі прытулку могуць быць затрыманыя на тэрмін да паўгода да разгляду іх заявы. Па заканчэньні гэтага пэрыяду ўлады Літвы могуць зьвярнуцца ў суд з просьбай аб дадатковых абмежаваньнях на перамяшчэньне нелегальнага мігранта. Суд можа падоўжыць тэрмін утрыманьня пад вартай да 18 месяцаў.
Працэдуру разгляду скаргі мігрантаў у суды Літвы прапаноўваюць скараціць з 148 да 81 дня.