Пара з Ірану тры дні правяла ў лесе на беларуска-польскай мяжы бязь ежы і грошай. Як так выйшла, яна расказала карэспандэнту DW.
Жанчына сказала, што страціла сваё ненароджанае дзіця.
«Шэсьць дзён таму я павалілася, у мяне пачаўся крывацёк, цяпер я больш не цяжарная».
Пара апавяла, што праз 10 дзён пасьля таго, як яны пакінулі Менск, іх літаральна выштурхнулі ў памежную зону.
«Беларуская міліцыя забрала ў нас усе грошы, — сказаў мужчына. — Мы аддалі ім грошы, каб яны купілі нам ежу і актывавалі нашыя сім-карты для тэлефона, але яны так нічога нам і не прынесьлі.
Яны спустошылі нашыя кішэні, а ўначы сілай адвезьлі нас да мяжы».
Польскія валянтэры прывезьлі гэтай пары ежу, цёплыя рэчы і выклікалі памежнікаў, якія забралі мігрантаў.
15 кастрычніка польскія памежнікі зафіксавалі 592 спробы незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы. 1 мігранта затрымалі, астатніх разьвярнулі. 10 чалавек затрымалі за дапамаганьне мігрантам. Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак паведаміў, што мяжу дапамагаюць ахоўваць больш як тры тысячы жаўнераў.
У Літве спынілі 35 спробаў, у Латвіі — 20.