Міграцыйны крызіс. Эўразьвяз пералічыў Літве 30 мільёнаў эўра

абноўлена
Мігранты ў часовым лягеры ў Літве, жнівень 2021 году
Мігранты ў часовым лягеры ў Літве, жнівень 2021 году

Літва атрымала ад Эўрапейскай камісіі амаль 30 мільёнаў эўра дапамогі, зьвязанай зь міграцыйным крызісам, перадае Delfi.

Гэтыя грошы прызначаны для

  • пасяленьня, адукацыі, навучаньня мігрантаў,
  • аховы месцаў, дзе жывуць мігранты,
  • інфраструктуры для прыёму і затрыманьня мігрантаў,
  • працэдураў разгляду прашэньняў аб прытулку і іншага,
  • даплатаў пэрсаналу, які працуе зь мігрантамі.

Агульная сума дапамогі складзе 38 мільёнаў эўра.

За час міграцыйнага крызісу ў Літву трапілі больш за 4100 нерэгулярных мігрантаў.

Апошнім часам літоўскія памежнікі замест затрыманьня мігрантаў разварочваюць іх на мяжы назад у Беларусь.

За мінулыя содні літоўскія памежнікі не прапусьцілі ў краіну 47 мігрантаў, якія спрабавалі перайсьці мяжу па-за пунктамі пропуску, паведаміў Delfi.

Асноўная плынь мігрантаў цяпер спрабуе трапіць у Эўразьвяз церазь беларуска-польскую мяжу. За мінулы дзень польскія памежнікі зафіксавалі 553 спробы парушэньня мяжы. 8 мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі. У кастрычніку было ўжо 4300 такіх спробаў, ад пачатку году — 15 800.

Польская Служба аховы мяжы зноў заявіла, што беларускія службоўцы арганізуюць нелегальны пераход мяжы мігрантамі. І апублікавала відэа, на якім, як сьвярджаецца, бачна, што мігрантаў арганізавана прывезьлі да былой памежнай заставы, дзе яны чакаюць далейшых інструкцый.

​
XS
SM
MD
LG