Польскі прэм’ер: «Эўразьвяз цалкам падтрымлівае Польшчу, Латвію і Літву ў гібрыднай вайне, разьвязанай Лукашэнкам»

Матэвуш Маравецкі, кіраўнік ураду Польшчы
Матэвуш Маравецкі, кіраўнік ураду Польшчы

Матэвуш Маравецкі адзначыў, што рашэньне працягнуць надзвычайнае становішча ў Польшчы сустрэла разуменьне і падтрымку з боку ЭЗ.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі абмеркаваў з кіраўнікамі іншых краін Эўразьвязу сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю. Сустрэча прайшла ў замку Брдо ў Славеніі падчас саміту ЭЗ — Заходнія Бальканы, паведаміла Польскае радыё.

Па словах кіраўніка польскага ўраду, Варшава карыстаецца поўнай падтрымкай Брусэлю ў сытуацыі, зьвязанай зь міграцыйным крызісам на мяжы Эўразьвязу і Беларусі.

Маравецкі падкрэсьліў, што польска-беларуская мяжа таксама зьяўляецца ўсходняй мяжой Эўразьвязу.

«Тут відавочна, што нам неабходна было ўвесьці рэжым надзвычайнага стану».

Матэвуш Маравецкі зазначыў, што ўсе тры краіны Эўразьвязу, якія мяжуюць зь Беларусьсю, — Польшча, Латвія і Літва — карыстаюцца поўнай і абсалютнай падтрымкай Эўразьвязу ў справе абароны сваіх межаў ад нелегальнага пераходу з боку мігрантаў.

На мінулым тыдні Польшча працягнула рэжым надзвычайнага становішча яшчэ на два месяцы — за гэта прагаласаваў Сэйм краіны.

Акрамя таго, Маравецкі яшчэ раз абвінаваціў Лукашэнку ў штучным стварэньні міграцыйнага крызісу, «гібрыднай вайны» супраць суседзяў.

Польскі прэм’ер заўважыў, што рост кібэрзлачынстваў у Эўропе адбываецца дзякуючы падтрымцы ўсходніх суседзяў Польшчы, і тое, што хакерскія атакі ладзяцца менавіта паводле загадаў з Усходу, «цяпер стала відавочным для ўсіх у блёку».

​
XS
SM
MD
LG