6 кастрычніка польскія памежнікі зафіксавалі 667 спробаў незаконнага пранікненьня на тэрыторыю Польшчы, 7 мігрантаў затрымалі, астатніх разьвярнулі. 13 чалавек затрымалі за дапамаганьне мігрантам.
Гэта найвялікшая колькасьць спробаў трапіць у Польшчу па-за пунктамі пропуску за дзень. Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы пачаўся ў жніўні. З таго часу польскія памежнікі разьвярнулі больш за 14 тысяч мігрантаў. Каля паўтары тысячы ўцекачоў затрымалі.
6 кастрычніка прадстаўнік міністра-каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын заявіў, што Беларусь перастала прымаць пасажыраў, якія ляцяць з чацьвёртага па велічыні гораду Эрбіль. Прычым Менск не прымае нават тых іракцаў, у каго ўжо ёсьць беларуская віза.
Таксама, паводле Жарына, Міністэрства замежных спраў Беларусі прыпыніла прыём заяў на візы ад грамадзянаў Ірану, Нігерыі, Пакістану, Сырыі і Эгіпту.
У Літве ўчора прадухілілі 61 спробу парушэньня мяжы, паведаміў Delfi.
Беларусь не выключае эскаляцыі на мяжы
6 кастрычніка дзяржсакратар Савету Бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч заявіў, што экспэрты NATO далі рэкамэндацыі Літве, як супрацьстаяць гібрыдным пагрозам.
«Не выключаем, што гэтыя парады могуць прывесьці да эскаляцыі сытуацыі», — працытавала Вальфовіча БелТА.