У чацьвер 7 кастрычніка патруль беларускіх службаў некалькі разоў стрэліў у бок салдат Польскага войска, паведамілі ў памежнай ахове Польшчы; там заявілі, што падобна, гэта былі халастыя боепрыпасы.
«Ні з кім нічога ня здарылася», — сказала ў пятніцу прэс-сакратарка памежнай службы Польшчы Ганна Міхальска.
Прадстаўніца ведамства паведаміла пра гэты інцыдэнт сёньня на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай сытуацыі на польска-беларускай мяжы. Пра гэта піша буйны польскі партал Onet.pl.
У адказ на заяву Польшчы аб страляньні халастымі патронамі Памежны камітэт Беларусі паведаміў расейскаму агенцтву «РИА Новости», што памежная служба краіны за мінулыя суткі не ўжывала зброі ні на адным з участкаў дзяржаўнай мяжы.