У Літве найбольшая колькасьць незаконных перасячэньняў мяжы з тэрыторыі Беларусі ад канца жніўня

На мяжы Літвы і Беларусі

Агульная колькасьць мігрантаў, якія нелегальна пераправіліся зь Беларусі ў Літву сёлета, складае амаль 4,2 тысячы чалавек.

Літоўскія ўлады пачалі дасудовае расьсьледаваньне супраць афіцэра памежнай службы Беларусі за парушэньне дзяржаўнай мяжы. Агенцтва BNS інфармуе, што ў Друскеніцкім раёне позьнім вечарам 18 кастрычніка тры афіцэры наблізіліся да мяжы, а адзін зь іх пайшоў углыб Літвы, правяраючы пад’езды зь літоўскага боку.

Пасьля таго, як парушальнікаў выявілі патрулі Друскеніцкай заставы і неадкладна прыбылі на месца, беларускія памежнікі адключылі пражэктары і пайшлі ўглыб Беларусі.

За мінулыя суткі літоўскія памежнікі не пусьцілі ў краіну 149 чалавек. Гэта найбольшая колькасьць з 25 жніўня, калі мяжу спрабавалі незаконна перайсьці 155 мігрантаў.

11 чалавек у панядзелак літоўскія памежнікі затрымалі і цяпер высьвятляюць усе абставіны таго, як яны трапілі ў Літву і зь якой мэтай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У мігрантаў зьявілася магчымасьць прасіць аб прытулку ў амбасадзе Літвы ў Менску. Але за 3 тыдні ніхто не зьвяртаўся

На польска-беларускай мяжы прадухілілі 612 спроб нелегальнага перасячэньня, 11 мігрантаў затрымалі польскія службы, паведаміла польская памежная варта.

Сярод затрыманых 10 грамадзян Іраку і 1 Турэччыны. Акрамя таго, затрымалі трох чалавек (грамадзян Азэрбайджану, Украіны і Турэччыны) за дапамогу ў нелегальным пераходзе мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прафсаюз паліцыянтаў Нямеччыны выступіў за ўвядзеньне кантролю на мяжы з Польшчай з прычыны патоку мігрантаў