Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюз паліцыянтаў Нямеччыны выступіў за ўвядзеньне кантролю на мяжы з Польшчай з прычыны патоку мігрантаў


Уцекачы з Афрыкі ў польскіх лясах
Уцекачы з Афрыкі ў польскіх лясах

Паліцэйскі прафсаюз Нямеччыны асьцерагаецца каляпсу на мяжы з Польшчай ад наплыву ўцекачоў, якія прыбываюць «беларускім» маршрутам. Лідэр прафсаюзу выступае за ўвядзеньне памежнага кантролю.

У сувязі з павелічэньнем колькасьці ўцекачоў на так званым беларускім маршруце нямецкі фэдэральны прафсаюз паліцыянтаў выступае за ўвядзеньне часовага памежнага кантролю на мяжы паміж Нямеччынай і Польшчай, паведамляе Deutsche Welle.

Як піша газэта Bild у панядзелак, 18 кастрычніка, кіраўнік прафсаюзу Гайка Тэгац у лісьце да фэдэральнага міністра ўнутраных справаў Горста Зээгофэра папярэдзіў пра небясьпеку «каляпсу» на мяжы, паколькі колькасьць мігрантаў, затрыманых на мяжы, «расьце амаль выбухападобна» ўжо некалькі месяцаў.

Паводле дадзеных газэты, Тэгац зазначыў у лісьце міністру, што колькасьць выяўленых нелегальных уездаў празь мяжу з Польшчай цяпер роўная адпаведнаму паказьніку на аўстрыйскай мяжы ў 2013 годзе. Прафсаюзны лідэр заявіў пра «істотную дадатковую нагрузцы» на нямецкіх паліцыянтаў, а таксама пра «значную рызыку для здароўя», бо ўзровень захворваньня на каранавірус SARS-CoV-2 у краінах, адкуль прыбываюць мігранты, застаецца вельмі высокім.

Адказ Лукашэнкі на санкцыі ЭЗ

Тэгац прызнаў у сваім пасланьні, піша Bild, што агульная праблема нелегалаў не можа быць вырашаная нават часовым памежным кантролем. Паводле яго, сутнасьць справы ў тым, што беларускі «дыктатар Аляксандр Лукашэнка адказвае на санкцыі ЭЗ арганізаванай дзяржаваю кантрабандай». Эўропа не павінна ўвязвацца ў гэткія «гульні», папярэджвае кіраўнік прафсаюзу паліцыі.

У траўні Лукашэнка ў адказ на ўзмацненьне жорсткасьці санкцыяў Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі, абвясьціў, што Менск больш не зьбіраецца перашкаджаць мігрантам, якія маюць намер перапраўляцца з Беларусі на тэрыторыю Польшчы і дзяржаваў Балтыі. Пасьля гэтага тысячы мігрантаў — у асноўным з краінаў Блізкага Ўсходу і Афрыкі — сталі спрабаваць перасекчы зьнешнюю мяжу ЭЗ з боку Беларусі. Польшча, Латвія і Літва пачалі ўмацоўваць свае межы.

Паводле зьвестак нямецкай паліцыі, за пэрыяд ад жніўня сёлета на тэрыторыю Нямеччыны празь Беларусь і Польшчу нелегальна праніклі больш за 4300 чалавек. Галоўным чынам гэта выхадцы з Іраку, Сырыі, Емэну і Ірану. У асноўным яны прыбываюць у такія фэдэральныя землі, як Брандэнбург, Саксонія і Мэкленбург — Пярэдняя Памэранія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG