У Сырыі праз 9 месяцаў перапынку аднавіліся перамовы аб новай Канстытуцыі

Руйнаваньні ад вайны, Сырыя

У ААН спадзяюцца, што рэформы, пра якія цяпер дамаўляюцца ўрад і апазыцыя, пакладзе канец вайне, якая доўжыцца ў краіне больш за 10 гадоў.

Прадстаўнікі сырыйскага ўраду і апазыцыі пасьля перапынку ў дзевяць месяцаў зноў пачалі перамовы аб новай Канстытуцыі краіны. Перамовы адбываюцца пры пасярэдніцтве ААН, піша «Голас Амэрыкі».

Прадстаўнік ААН неафіцыйна сустрэўся ў нядзелю з чальцамі камітэту, якому даручана распрацаваць праект. Прадстаўнік арганізацыі ў краіне Ґейр Пэдэрсэн заявіў, што ў камітэце, які складаецца з 45 дэлегатаў ад урадавых і апазыцыйных сілаў, дасягнулі згоды што да першых крокаў, якія спатрэбяцца, каб ісьці наперад у перамовах.

Канстытуцыйная рэформа, як чакаецца, павінна пакласьці канец вайне, якая доўжыцца ў Сырыі больш за дзесяцігодзьдзе і прывяла да гібелі 500 тысяч чалавек. 13,5 мільёна вымушана пакінулі свае дамы, нехта пераехаў у іншы рэгіён Сырыі, а хтосьці ў іншыя краіны.

Ґейр Пэдэрсэн спадзяецца, што перамовы ня будуць зацягнутымі, бо звыш 13 мільёнаў чалавек маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, больш за 90% сырыйцаў жывуць за рысай беднасьці. У ААН ёсьць надзея, што чальцы Канстытуцыйнага камітэту будуць весьці размову па сутнасьці і выказвацца адкрыта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: у грамадзянскай вайне ў Сырыі загінулі ня меней за 350 тысяч мірных жыхароў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас думаюць, што сьмерці на мяжы — фэйк». Расказ сырыйца, які спрабаваў трапіць у Эўразьвяз празь Беларусь