Улады Беларусі вызначылі памеры штрафаў за адсутнасьць маскі

Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве юстыцыі адшукалі норму закону, паводле якой змогуць караць беларусаў за адсутнасьць маскі ў грамадзкіх месцах.

Штраф за парушэньне масачнага рэжыму і іншых абмежавальных захадаў, уведзеных у сувязі з пандэміяй COVID-19, можа скласьці да 870 рублёў для фізычных асобаў. Намесьнік міністра юстыцыі Натальля Філіпава пацьвердзіла БелТА, што да парушальнікаў можа прымяняцца артыкул 17.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях.

Згодна з КаАП, артыкул прадугледжвае адказнасьць за парушэньне:

  • санітарна-эпідэмічных, гігіенічных патрабаваньняў і працэдур, вызначаных тэхнічнымі рэглямэнтамі Мытнага зьвязу і Эўразійскай арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва;
  • агульных санітарна-эпідэмічных патрабаваньняў, вызначаных прэзыдэнтам;
  • спэцыфічных санітарна-эпідэмічных патрабаваньняў, вызначаных Саветам Міністраў;
  • санітарных нормаў і правілаў, гігіенічных нарматываў ці патрабаваньняў абмежавальных захадаў, уведзеных у адпаведнасьці з заканадаўствам у галіне санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва;
  • падачу недакладных дадзеных для працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі прадукцыі.

Артыкул прадугледжвае наступныя санкцыі:

  • для фізычных асобаў — штраф да 30 БВ (цяпер 870 рублёў);
  • для ІП — штраф да 200 БВ (цяпер 5 800 рублёў);
  • для юрыдычных асобаў — штраф да 500 БВ (цяпер 11 600 рублёў).

У менскім мэтро пачалі рэйды па праверцы масачнага рэжыму

З 13 кастрычніка на станцыях Менскага мэтрапалітэна пачалі правяраць выкананьне пасажырамі абавязковага масачнага рэжыму ў грамадзкім транспарце.

«Найбольш дасьведчаныя інспэктары службы бясьпекі падземкі выяўляюць пасажыраў бяз масак (ці тых, хто носіць іх няправільна) у вэстыбюлях, на плятформах і ў цягніках мэтро. Потым супрацоўнікі падземкі настойліва прапаноўваюць такім пасажырам няўхільна выконваць масачны рэжым», — гаворыцца ў паведамленьні Менскага мэтрапалітэну ў Тэлеграме.

Такія рэйды (у тым ліку і раптоўныя) будуць праводзіць па ўсіх трох лініях мэтро.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ад 9 кастрычніка ўводзіцца абавязковае нашэньне масак і захаваньне дыстанцыі ў грамадзкіх месцах

На пачатку кастрычніка ў Беларусі ўвялі абавязковы масачны рэжым у грамадзкіх месцах і транспарце. Улады спачатку заявілі аб тым, што санітарныя службы і міліцыя будуць папярэджваць грамадзян аб недапушчальнасьці зьяўленьня бяз маскі, а затым, магчыма, пачнуць штрафаваць.

Варта адзначыць, што дзяржаўныя чыноўнікі і ў 2020 годзе, і сёлета пераважна ігнаруюць масачны рэжым, незалежна ад таго, носіць ён рэкамэндацыйны ці абавязковы характар. На большасьці чыноўнікаў падчас масавых сходаў маскі адсутнічаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларусам не даступныя заходнія вакцыны, а ўкраінцы свабодна імі прышчапляюцца?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфэкцыяніст Мікіта Салавей заклікае да вакцынацыі: З такой дынамікай можа не хапіць дактароў, стацыянараў, кіслароду і патрэбных лекаў