Памежная служба Польшчы заявіла, што ў мінулыя выходныя дзьве групы мігрантаў у 90 і 130 чалавек сілай спрабавалі прарвацца празь беларуска-польскую мяжу. Іх не пусьцілі на тэрыторыю Польшчы дзякуючы хуткаму ўмяшаньню памежнікаў і вайскоўцаў, паведамляе польскае памежнае ведамства.
На відэа, апублікаваным польскімі памежнікамі, мігранты стаяць за плотам на беларускім баку, побач зь імі ходзяць людзі ў камуфляжы.
За апошнія тры дні памежная служба зафіксавала амаль дзьве тысячы спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы, паведамляе Польскае Радыё са спасылкай на прэс-сакратарку Памежнай службы Польшчы Ганну Міхальскую.
15 чалавек, якія дапамагалі ў гэтым мігрантам, памежнікі затрымалі.
Таксама паведамляецца, што ў пятніцу і суботу затрымалі 22 асобы, якія заявілі, што хочуць зьвярнуцца па міжнародную абарону. У іх ліку 18 грамадзян Ірака, тры — Конга і адзін — Гвінэі.
Тым часам Памежны камітэт Беларусі агучыў сваю вэрсію інцыдэнту са стрэламі на мяжы 7 кастрычніка.
«На адным з участкаў беларускі памежны нарад пачуў страляніну і прыбыў на месца. На тэрыторыі Польшчы блізу лініі мяжы знаходзілася група ўцекачоў у ачапленьні жаўнераў. Іншаземцы крычалі і прасілі спыніць гвалт. У адказ польскія вайскоўцы стралялі ў паветра, ужывалі да іх дубінкі і патрабавалі прайсьці ў Беларусь. Нягледзячы на запалохваньне зброяй і выкарыстаньне фізычнай сілы, тыя адмовіліся парушаць мяжу Беларусі. Толькі дзякуючы апэратыўнаму зьяўленьню беларускіх памежнікаў не атрымалася сілком выціснуць шматлікую групу», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні беларускага Памежнага камітэту.
8 кастрычніка часовага паверанага ў справах Беларусі ў Польшчы Аляксандра Часноўскага выклікалі ў МЗС гэтай краіны у сувязі з сытуацыяй на польска-беларускай мяжы і «агрэсіўнымі дзеяньнямі супраць Польшчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Міграцыйны крызіс: польскія памежнікі прадухілілі 538 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы, літоўскія — 39
Польскі бок заявіў, што 7 кастрычніка патруль беларускіх службаў некалькі разоў стрэліў халастымі патронамі ў бок салдат Польскага войска.
Беларускія памежнікі настойваюць, што заявы пра страляніну зь беларускага непраўдзівыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Польскія памежнікі абвінавацілі беларускіх у дапамозе мігрантам у перасячэньні мяжы. ВІДЭАГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Польскія памежнікі знайшлі на мяжы зь Беларусьсю муляж бомбы. ФОТА