У Польшчы заявілі, што беларускі памежнік кідаў невядомы прадмет у машыну памежнага патруля. ВІДЭА

абноўлена
На польска-беларускай мяжы
На польска-беларускай мяжы

Польскі бок заяўляе, што гэта ня першы падобны выпадак, правакацыі працягваюцца.

Польская памежная варта заявіла, што ў ноч з 1 на 2 кастрычніка беларускі памежнік кануў нейкі прадмет у бок патрульнай машыны польскіх службаў, і гэта ня першы падобны інцыдэнт.

Кідок невядомым прадметам зафіксаваны на відэа.

Раней польскі бок паказаў здымкі, як у форме беларускіх памежнікаў ходзяць мігранты з краін Блізкага Ўсходу, у Беларусі апраўдалі гэтым патрэбу ўцекачоў у цёплых рэчах, якія далі якраз беларускія службы.

Як расказалі на прэс-канфэрэнцыі 27 верасьня прадстаўнікі польскага МУС, Памежнай варты і Міністэрства абароны, польскія афіцэры штодня сутыкаюцца з правакацыямі беларускага боку. Іх асьляпляюць сьвятлом электрычных паходняў, крычаць на іх, а таксама абвінавачваюць у выкарыстаньні «мэтадаў, падобных да гестапа». Беларускія падразьдзяленьні таксама імітуюць кіданьне гранат празь мяжу або «халастыя стрэлы» ў палякаў. Яны таксама пакідаюць падазроныя пакеты перад польскімі памежнікамі і адразу адбягаюць, каб прадэманстраваць, што пакінутая рэч нясе пагрозу.

У першыя суткі кастрычніка быў рэкордны наплыў мігрантаў на мяжу — польскі бок прадухіліў 601 спробу нелегальнага пераходу на тэрыторыю Польшчы зь Беларусі. За мінулы дзень такіх спробаў было 398, 29 мігрантаў затрымалі.

Агулам у польскіх цэнтрах утрыманьня ўцекачоў знаходзяцца 1490 чалавек, палова зь іх — грамадзяне Іраку.

Як інфармуе Presseportal.de, у Нямеччыне затрымалі 49-гадовага беларуса, які незаконна перавозіў у краіну з Польшчы 41 мігранта ў фургоне. Вядома, што затрыманьне адбылося яшчэ 30 верасьня каля Франкфурту-на-Одэры.

Раней пра затрыманьні людзей, у тым ліку грамадзян Беларусі за спрыяньне нелегальнай міграцыі, казалі ў Польшчы. Агульная лічба затрыманых за гэта ў верасьні склала 116 чалавек. Працягнуліся затрыманьні з гэтай прычыны і ў кастрычніку: затрыманыя грамадзяне Сырыі, Украіны і Нямеччыны.

​
XS
SM
MD
LG