Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцслужбы Польшчы: 20% мігрантаў, затрыманых пры пераходзе мяжы з боку Беларусі, маюць сувязі з Расеяй

абноўлена

Грузавік з польскімі памежнікамі на мяжы зь Беларусьсю
Грузавік з польскімі памежнікамі на мяжы зь Беларусьсю

Польскія сілавікі заявілі пра сувязь кожнага пятага затрыманага на польска-беларускім памежжы з Расеяй. У 50 чалавек знайшлі доказы іх датычнасьці да ўзброеных фармаваньняў на Блізкім Усходзе.

Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын агучыў апошнюю інфармацыю ведамстваў, якія працуюць з затрыманымі пасьля незаконнага пераходу мяжы мігрантамі.

«20% затрыманых у Польшчы нелегальных мігрантаў мелі сувязі, часта на працягу многіх гадоў, з тэрыторыяй Расейскай Фэдэрацыі. Некаторыя зь іх хаваюць гэты факт, спрабуючы пераканаць нас у тым, што ня маюць дачыненьня да Расеі, аднак дакумэнты і іншыя доказы супярэчаць іхным запэўніваньням», — цытуе прэс-сакратара агенцтва PAP.

У Варшаве прайшла прэс-канфэрэнцыя міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюша Каміньскага, міністра нацыянальнай абароны Польшчы Марыюша Блашчака і галоўнага камэнданта Памежнай варты краіны Томаша Прагі.

Станіслаў Жарын дадаў, што падчас допытаў мігранты робяць розныя спробы схаваць сваю сапраўдную асобу або ўтоіць інфармацыю, якая для іх нязручная.

Беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі. Падобная сытуацыя назіраецца і ў Літве. Як сказаў Жарын, літоўскі бок перадаў палякам інфармацыю, што ў мігрантаў, якія прыйшлі зь Беларусі, знайшлі мэтадон, які далі ім на тэрыторыі Беларусі.

Марыюш Каміньскі, у сваю чаргу, дадаў, што гэты выпадак адбыўся яшчэ 22 ліпеня. Тады літоўскія памежнікі затрымалі 15 грамадзян Іраку, а таксама Расеі. Апошнія мелі чачэнскае паходжаньне, яны сказалі, што ня могуць разбудзіць сваіх дзяцей, якім 6 і 1,5 года. Як выявілася, беларускі памежнік даў ім таблеткі, «каб дзеці ня плакалі на мяжы». Гэта быў мэтадон.

Таксама чыноўнік сказаў, што захоўваецца небясьпека правакацый зь беларускага боку, аднак «польскія памежнікі маюць сталёвыя нэрвы, бо ведаюць, з кім маюць справу». Згодна зь ягонымі словамі, польскія памежнікі, якія ставяць агароджу на мяжы або правяраюць яе стан, штодня сутыкаюцца з сытуацыямі накшталт пэтардаў, што ляцяць у іх бок, або падазронымі пакетамі, падобнымі да выбухоўкі. Правакацыі зь беларускага боку здараюцца штодня.

Кіраўнік польскага МУС парэкамэндаваў ураду падоўжыць надзвычайнае становішча ў памежных зь Беларусьсю раёнах яшчэ на 60 дзён. Крызіс зь мігрантамі ня толькі працягваецца, але і разьвіваецца, колькасьць правакацый на мяжы расьце. Агульная колькасьць спробаў нелегальна перайсьці мяжу, прадухіленых польскімі службоўцамі, дасягнула 9400 выпадкаў, сказаў ён.

З 200 чалавек, якія ўтрымліваюцца ў лягеры для ўцекачоў, у 50 на носьбітах інфармацыі знайшлі «прыкметы радыкалізму». Як кажа Каміньскі, некаторыя з гэтых людзей маюць дачыненьне да ўзброеных фармаваньняў на Блізкім Усходзе.

Кіраўнік Міністэрства абароны Марыюш Блашчак паведаміў пра 2,5 тысячы жаўнераў, якіх плянуюць накіраваць на ўзмацненьне аховы мяжы найбліжэйшым часам. Патрэба ў гэтым вырасла. На гэты момант мяжу зь Беларусьсю ахоўваюць каля 4 тысяч памежнікаў, ім дапамагаюць каля 600 паліцыянтаў. Войскі тэрытарыяльнай абароны таксама напагатове.

Раней прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.

Міграцыйны крызіс-2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG