Хроніка перасьледу 9 кастрычніка. Хлопцу, які адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі, прадʼявілі яшчэ адно абвінавачаньне

Арцём Баярскі, архінае фота

Стала вядома, што 20-гадоваму экс-студэнту 2 курсу хімфаку БДУ, палітвязьню Арцёму Баярскаму прадʼявілі яшчэ адно абвінавачаньне.

Раней яго ўзялі пад варту ў справе за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім». Цяпер жа стала вядома, што яго абвінавацілі таксама ў арганізацыі або ўдзеле ў беспарадках.

Справу Арцёма Баярскага сьледчыя ўжо перадалі ў пракуратуру.

Пра гэта паведаміла праваабаронцам «Вясны» маці Арцёма. 8 кастрычніка бацькі ўпершыню пабачылі яго за 7 месяцаў у СІЗА. Маці кажа, што выглядае ён ня вельмі добра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс Ціханоўскай пачаў кампанію акадэмічнай падтрымкі зьняволеных беларускіх студэнтаў

Першы раз Арцёма Баярскага затрымалі 16 лістапада 2020 году пасьля маршу сталых людзей у Менску. Яго тады арыштавалі на 15 сутак.

Другі раз Арцёма Баярскага затрымалі сёлета 24 сакавіка.
Спачатку ён адседзеў адміністрацыйны арышт за бел-чырвона-белы сьцяг, які нібыта вісеў на 11-м паверсе ягонага інтэрнату. Потым на яго завялі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Зьявілася відэа, дзе Баярскі прызнаецца, што адміністраваў «экстрэмісцкі» рэсурс «Мая краіна Беларусь». Яму пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

Летась у жніўні Арцём, разам яшчэ з сотняй студэнтаў, адмовіўся ад прэзыдэнцкай стыпэндыі. Яшчэ школьнікам ён чатыры разы займаў прызавыя месцы на нацыянальных алімпіядах у хіміі. Пасьля затрыманьня яго выключылі з БДУ.

У чэрвені БДУ адлічыў яго з хімфаку. У верасьні яго завочна залічылі ў Ковенскі ўнівэрсытэт Вітаўтаса Вялікага на бакаляўрскую праграму «Біятэхналёгія».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Студэнту БДУ Баярскаму, які выступіў з «паказаньнямі» на відэа, адмовілі ў завядзеньні справы за пабіцьцё ў ГУБАЗіКу

Супраць былога палітвязьня Сяргея Каваленкі пачалі новую крымінальную справу

Былога палітвязьня Сяргея Каваленку, які ў 2010 годзе вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на каляднай ялінцы ў цэнтры Віцебску, цяпер абвінавачваюць у зьнявазе дзяржаўных сымбаляў (арт. 370 КК). Пра гэта паведаміла былая жонка актывіста Алена Каваленка, перадае «Віцебская Вясна».

Сяргей Каваленка, 2014 год

Ужо больш за два гады Сяргей Каваленка жыве і працуе за мяжой.

Актывіст партыі КХП-БНФ Сяргей Каваленка на Каляды 7 студзеня 2010 году вывесіў нацыянальны сьцяг на верхавіне сьвяточнай яліны на плошчы Перамогі ў Віцебску. За гэта яго асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». Потым за парушэньне рэжыму адбываньня яго асудзілі на 2 гады і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму. Сяргей Каваленка трымаў працяглыя галадоўкі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. 26 верасьня 2012 году яго вызвалілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры галасаваньні і тэлеграма ад сям'і Якуба Коласа. 30 год таму бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі

Музы́кам гурту Irdorath працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай

Палітзьняволеным Уладзімеру і Надзеі Калач — на адзін месяц, Пятру Марчанку, Юліі Марчанцы (Юніцкай), Антону Шніпу — на тры месяцы, паведаміла «Вясна».

Іх абвінавачваюць у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, за выступленьне падчас масавых шэсьцяў у Менску ў жніўні 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым вядомы гурт Irdorath, музыкаў якога затрымлівалі з дронам і стралянінай