Польскія памежнікі абвінавацілі беларускіх у дапамозе мігрантам у перасячэньні мяжы. ВІДЭА

Каля памежнага пераходу ў Брузгах на беларуска-польскай мяжы

Працягваецца міграцыйны крызіс на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу. Польскія памежнікі запісалі відэа, на якім, як сьцьвярджаюць, — доказы дапамогі беларускіх памежнікаў нелегальнаму перасячэньню мяжы.

Памежная варта Польшчы апублікавала відэа з паласы перад сваёй дзяржаўнай мяжой. На ім відаць беларускія памежнікі і мігранты.

«Ахова мяжы ў выкананьні беларускіх службаў. Нелегальныя імігранты атрымліваюць дакладныя інструкцыі, як і дзе маюць перайсьці мяжу», — напісалі польскія памежнікі.

Раней польскія службы дэманстравалі мігрантаў у вайсковай форме беларускіх памежнікаў; тыя адказалі, што проста забясьпечылі мігрантаў цёплымі рэчамі, але чаму гэта была менавіта вайсковая форма, не сказалі.

За 7 кастрычніка польскія памежнікі прадухілілі 523 спробы нелегальнага перасячэньня мяжы, 35 мігрантаў затрымалі. Са 159 мігрантаў, якіх затрымалі польскія памежнікі ў кастрычніку, 138 маюць грамадянства Іраку.

Літоўскія службы ўлетку зьнялі відэа, на якім паказалі, як беларускія памежнікі суправаджаюць мігрантаў да мяжы зь іх дзяржавай, спрыяючы незаконным дзеяньням; латыскія паказвалі відэаматэрыял, на якім узброеныя спэцпадразьдзяленьні Беларусі выштурхоўваюць мігрантаў праз чыгуначныя каляіны на тэрыторыю Латвіі.

Раней Польшча, Латвія і Літва ўзмацнілі ахову дзяржаўных межаў на фоне беспрэцэдэнтнага наплыву мігрантаў з Блізкага Ўсходу і Афрыкі, якія штодня незаконна трапляюць у краіны Эўразьвязу празь Беларусь. Кіраўніцтва гэтых дзяржаў заклікала міжнародную супольнасьць да хуткай і канкрэтнай рэакцыі на «гібрыдную вайну, разьвязаную рэжымам Лукашэнкі».

Беларуска-літоўскую мяжу ўчора справабаў перайсьці толькі адзін нерэгулярны мігрант

У Літве за мінулы дзень зафіксавалі ўсяго адну спробу пераходу мяжы па-за пунктамі пропуску, паведаміў Delfi.

Літоўскія памежнікі зь Сьвянцянскага раёну заявілі, што чулі днём чатыры стрэлы на беларускім баку мяжы.

А з Друскеніцкага раёну, што за 200 км ад Сьвянцянаў, паведамілі, што на беларускім баку мяжы апоўначы запусьцілі сем сыгнальных ракетаў.

У Латвіі памежнікі 7 кастрычніка спынілі 25 спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польскі прэм’ер: «Эўразьвяз цалкам падтрымлівае Польшчу, Латвію і Літву ў гібрыднай вайне, разьвязанай Лукашэнкам»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча адновіць чыгуначныя зносіны зь іншымі краінамі. Апрача Беларусі