У Эўрапарлямэнце прапанавалі паставіць Лукашэнку перад міжнародным трыбуналам

Дэбаты ў Эўрапарлямэнце. Ілюстрацывйнае фота

У Эўрапарляменце адбыліся дэбаты на тэму «Сытуацыя ў Беларусі пасьля аднаго году пратэстаў і іх гвалтоўнага задушэньня».

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle, адзначаючы, што паўтарагадзінную дыскусію эўрадэпутатаў адкрыла камісарка ўнутраных спраў Ільва Югансан.

«Рэжым Лукашэнкі працягвае сыстэматычныя спробы заглушыць усе незалежныя галасы, якія яшчэ захаваліся ў краіне — незалежную прэсу, праваабаронцаў і грамадзянскую супольнасьць», — сказала эўракамісарка, нагадваючы, што ў Беларусі налічваецца ўжо больш за 700 палітзьняволеных і іх колькасьць увесь час расьце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ільва Югансан: Эўразьвяз стаіць і будзе стаяць на баку народу Беларусі

«Мы ўсе ведаем, якія злачынствы супраць народу Беларусі ажыцьцяўляе Лукашэнка, за якія міжнародныя злачынствы ён адказны», — заявіў літоўскі эўрадэпутат Андрус Кубілюс, які выступаў ад імя Эўрапейскай народнай партыі. Ён прапанаваў «неадкладна вынесьці злачынствы Лукашэнка на разгляд Міжнароднага крымінальнага суду на падставе Чыкагаўскай канвэнцыі (аб міжнароднай цывільнай авіяцыі. — РС), Манрэальскай канвэнцыі (аб уніфікацыі правілаў міжнародных паветраных перавозак. — РС) і Канвэнцыі супраць катаваньняў (ААН. — РС)».

Гэтую ідэю падтрымаў шэраг дэпутатаў зь іншых фракцый. У прыватнасьці, сацыял-дэмакратка з Партугаліі Ізабэль Сантуш адзначыла, што санкцыі накіраваныя толькі на зьмену палітычных паводзінаў, а вось за «зьдзейсьненыя злачынствы» Аляксандар Лукашэнка, на яе думку, павінен адказваць перад Міжнародным крымінальным судом (МКС).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія запрапанавала прыпыніць дамову аб спрашчэньні візавага рэжыму ў дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў

«Мы павінны ініцыяваць судовы працэс асабіста супраць Лукашэнкі і выставіць яму абвінавачаньне ў катаваньнях ягоных жа грамадзян. Доказы для гэтага ёсьць», — дадаў эўрадэпутат ад «Зялёных» Сяргей Лагадынскі зь Нямеччыны.

«Неабходны сур’ёзныя дэбаты ў Радзе Бясьпекі ААН і, нарэшце, неабходна расьсьледаваньне Міжнароднага крымінальнага суду», — падтрымаў калег польскі эўрадэпутат з фракцыі Эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў Вітальд Вашчыкоўскі.

Эўрапарлямэнт рыхтуе рэзалюцыю аб сытуацыі ў Беларусі і міграцыйным крызісе на мяжы Беларусі з Эўразьвязам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь выходзіць з пагадненьня з Эўразьвязам аб рэадмісіі пасьля некалькіх месяцаў крызісу зь мігрантамі