Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільва Югансан: Эўразьвяз стаіць і будзе стаяць на баку народу Беларусі


Эўракамісарка ўнутраных спраў ЭЗ Ільва Югансан
Эўракамісарка ўнутраных спраў ЭЗ Ільва Югансан

Сёньня на пленарным пасяджэньні Эўрапарлямэнту эўракамісарка ўнутраных спраў ЭЗ Ільва Югансан выступіла з прамовай аб Беларусі ад імя кіраўніка дыпляматыі ЭЗ Жузэпа Бурэля. Яна запэўніла народ Беларусі ў далейшай падтрымцы з боку Эўразьвязу.

У сваім выступе Ільва Югансан, сярод іншага, сказала:

«[...] Эўрапейскі Зьвяз захоўвае еднасьць ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў і няспынных правакацыяў з боку рэжыму Лукашэнкі і ў падтрымцы беларускага народу.

Апошні раз тэма Беларусі разглядалася на гэтым пленарным пасяджэньні Эўрапейскага парлямэнту 8 чэрвеня, пасьля таго як рэжым Лукашэнкі прымусіў прызямліць рэйс Ryanair паміж дзьвюма сталіцамі краінаў Эўразьвязу, каб арыштаваць журналіста і яго спадарожніцу. Менш як праз два тыдні Рада замежных спраў прыняла салідны пакет санкцыяў супраць 78 асобаў, 8 суб’ектаў гаспадараньня і 7 сэктараў эканомікі.

Праз год пасьля сфальшаваных выбараў сытуацыя ў Беларусі застаецца жахлівай. Рэжым Лукашэнкі працягвае сыстэматычныя намаганьні заглушыць усе ацалелыя незалежныя галасы ў краіне: незалежную прэсу, праваабаронцаў і грамадзянскую супольнасьць у цэлым. Выбітныя прадстаўнікі апазыцыі да Лукашэнкі былі асуджаныя на доўгія турэмныя тэрміны ў рамках палітычных працэсаў, якія адбываліся за зачыненымі дзьвярыма. Цяпер у краіне больш за 700 палітвязьняў, і іх колькасьць працягвае расьці.

Уціск і перасьлед беларускага народу абсалютна непрымальны. Дык што мы робім, каб адказаць Лукашэнку? Эўрапейскі Зьвяз ад самага пачатку падрыхтаваў пакет неадкладнай дапамогі ахвярам рэпрэсіяў і дзяржаўнага гвалту і незалежным СМІ. І мы падтрымалі законнае імкненьне беларускага народу да вяршэнства права і свабодных і сумленных выбараў.

Мы працягваем дамагацца справядлівасьці для пацярпелых і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых. Мы працягваем узьнімаць пытаньне пра сытуацыю з правамі чалавека на ўсіх адпаведных міжнародных форумах, выклікаючы міжнародную рэакцыю супраць жорсткіх і незаконных дзеяньняў Лукашэнкі.

Мы таксама хочам перадаць народу Беларусі пасланьне надзеі і запэўненьне ў нашай няспыннай падтрымцы. Так, мы апублікавалі плян эканамічнага і інвэстыцыйнага пакета памерам 3 мільярды эўра ў падтрымку дэмакратычнай Беларусі, які мы актывуем, калі краіна зьменіць свой цяперашні курс.

Дзяржаўная інструмэнталізацыя мігрантаў — яшчэ адзін трывожны прыклад грубага ігнараваньня Лукашэнкам міжнародных нормаў. Рэжым «накіроўвае» людзей і авіямаршруты і ўвозіць іх у Беларусь. Сёлета мы ўжо бачылі больш за 6000 нелегальных спробаў перасекчы мяжу Беларусь — Эўрапейскі Зьвяз, у параўнаньні з 150 летась. Гэта людзі родам з Іраку, але таксама з Конга, Камэруну і Сырыі.

Беларусь не знаходзіцца на якім-небудзь вядомым міграцыйным шляху з гэтых краін. Беларусь не знаходзіцца пад міграцыйным ціскам. Звычайна людзі просяць прытулку, уцякаючы зь Беларусі, а не прыяжджаючы ў яе. Рэжым выкарыстоўвае людзей беспрэцэдэнтным чынам, каб рабіць ціск на Эўрапейскі Зьвяз, а таксама зарабляць на гэтым вялікія грошы.

[...] Адчай Лукашэнкі — гэта сьведчаньне таго, што санкцыі робяць яму балюча. Кожны дзень узмацняецца ўражаньне, што гэта шалёныя крокі рэжыму, які бачыць набліжэньне пераломнага пункту. Яго мэта — дэстабілізаваць Эўрапейскі Зьвяз, але ён сур’ёзна пралічыўся. Наш адказ — гэта адзінства, салідарнасьць і дзейнасьць. Адказ, які быў адзначаны як сусьветнымі партнэрамі, так і нашымі саюзьнікамі, і ў Менску.

[...] Мы павінны захоўваць цьвёрдасьць і еднасьць у дачыненьні да Лукашэнкі, і мы павінны гэта рабіць так, каб паказаць, што мы, Эўрапейскі Зьвяз, грунтуемся на іншых каштоўнасьцях, на вяршэнстве права, пры поўнай павазе да фундамэнтальных правоў. Мы павінны абараняць нашы межы і нашы каштоўнасьці...

Эўрапейскі Зьвяз на баку беларускага народу цяпер і застанецца на яго баку і ў будучыні».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG