Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі паведамілі віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі і камісар у прамоцыі эўрапейскага ладу жыцьця Mаргарытыс Схінас і камісар унутраных спраў ЭЗ Ільва Югансан.
«Мы ня будзем караць беларускі народ за дзеяньні ўладаў. Прыпыненьне дзеяньня зьяўляецца кропкавым, накіраваным на дзяржаўных чыноўнікаў і ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў. Але гэта моцны сыгнал, сыгнал, які не пакідае сумненьняў для іншых», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі Маргарытыс Схінас.
«Тое, што мы цяпер бачым у Беларусі — гэта Лукашэнка ў роспачы, ён сапраўды пацярпеў ад эканамічных санкцый і санкцый, якія ўвялі супраць яго эўрапейцы. Ён сапраўды ў роспачы і спрабуе дэстабілізаваць Эўразьвяз, прыцягваючы мігрантаў, спрыяючы ім і штурхаючы іх у ЭЗ, — сказала ў сваю чаргу Ільва Югансан. — Для Лукашэнкі гэта таксама спосаб зарабіць. Здаецца, што ён запрашае людзей, якія могуць дазволіць сабе заплаціць каля 10 000 эўра за ўсю паездку. Ён насамрэч падманвае людзей, каб яны плацілі вялікія грошы толькі дзеля таго, каб трапіць у пастку і быць падманутымі».
«Мы ніколі не павінны быць слабымі ў адносінах да Лукашэнкі і таго, што ён робіць, таму што ён зробіць новыя крокі, я ў гэтым упэўненая, ён адчайны, і мы павінны мець цьвёрды адказ», — дадала камісар унутраных спраў ЭЗ.
Як паведамляецца ў адмысловым прэс-рэлізе, рашэньне прымаецца ў адказ на «спробы беларускага рэжыму дэстабілізаваць Эўразьвяз і ягоныя дзяржавы-сябры спрыяньнем нерэгулярнай міграцыі дзеля палітычных мэтаў», а таксама ў адказ на прыпыненьне Менскам дзеяньня пагадненьня з Брусэлем аб рэадмісіі.
Прэс-рэліз падкрэсьлівае, што прапанова Эўракамісіі датычыць «спэцыфічных катэгорый чыноўнікаў, зьвязаных зь беларускім рэжымам» і не закране звычайных грамадзян Беларусі, якія могуць далей карыстацца выгодамі, якія дае пагадненьне з Эўразьвязам аб спрашчэньні візавага рэжыму.
Пасьля таго, як прапанова Эўракамісіі будзе зацьверджаная Радай ЭЗ, абмежаваньні ў дзеяньні пагадненьня аб спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю закрануць чальцоў беларускіх афіцыйных дэлегацый, запрошаных на тэрыторыю ЭЗ дзеля перамоваў, кансультацый або па праграмах абмену; афіцыйныя асобы беларускага ўраду цэнтральнага і рэгіянальнага ўзроўняў; дэпутатаў і членаў Нацыянальнага сходу Беларусі; судзьдзяў і чыноўнікаў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў Беларусі.
Як паведаміла Польскае Радыё напярэдадні рашэньня Эўракамісіі, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў Брусэлі, мяркуецца, што афіцыйныя асобы зь Беларусі будуць праходзіць жорсткія працэдуры пры атрыманьні візы для ўезду ў Эўразьвяз, а таксама ня будуць вызваленыя ад аплаты і не атрымаюць аўтаматычна шматразовых візаў.
- Пагадненьні Брусэль — Менск аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі ўступілі ў сілу ў ліпені 2020-га. У прыватнасьці, паводле візавага пагадненьня наступіла зьніжэньне для беларусаў цаны на шэнгенскую візу да 35 эўра і скарачэньне тэрміну выдачы візаў да 10 дзён.
- 28 чэрвеня 2021-га Менск прыняў рашэньне прыпыніць дзеяньне пагадненьня з ЭЗ аб рэадмісіі.