У Беларусі з 29 верасьня па 1 кастрычніка затрымалі 116 чалавек з прычыны камэнтароў пра гібель менскага праграміста Андрэя Зельцара і супрацоўніка Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Людзей затрымліваюць паводле артыкулаў аб абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369 КК) і распальваньні сацыяльнай варожасьці (артыкул 130). У МУС заявілі, што «ўстанавілі» больш за 200 чалавек, якія пакінулі «абразьлівыя камэнтары».
Праваабаронцам вядомыя імёны 116 чалавек, але лічба ўвесь час мяняецца. Паводле іх, большасьць затрыманых ня выйшлі на свабоду праз 72 гадзіны пасьля затрыманьня, сваякі часткі зь іх дагэтуль ня ведаюць, дзе іх блізкія.
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка патлумачыў БАЖ, чаму палітычныя матывы зьняволеньня людзей у гэтай крымінальнай справе відавочныя.
«Наступствы перастрэлкі ў Менску могуць мець разбуральны эфэкт для рэштак законнасьці і правоў грамадзян: мы зноў назіраем дзяржаўную палітыку двайных стандартаў, калі адзін з бакоў узброены і ўтрымлівае ўладу, а таму мае рацыю. Адкрыты заклік да тэрору і гвалту „ў адказ“, які прагучаў ад старшыні Пастаяннай камісіі нацыянальнай бясьпекі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Алега Белаконева, застаўся беспакараным, а больш за сотню звычайных грамадзянаў затрымалі і пазбавілі волі за выказваньні, якія дакладна не былі прычынай акту гвалту — гэта ўжо была рэакцыя на тое, што адбылося».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Забітага ў перастрэлцы з супрацоўнікам КДБ Андрэя Зельцара пахаваюць 6 кастрычнікаЗа матэрыял пра Зельцара ў краіне заблякавалі сайт «Комсомольской правды в Беларуси»: там зьявілася нататка, дзе аднаклясьніца загінулага добра пра яго выказалася.
Аўтар той нататкі — журналіст Генадзь Мажэйка. Яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску. Ён праходзіць падазраваным па артыкулах аб распальваньні нянавісьці (артыкул 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (артыкул 369).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Пуцін паінфармаваны». Што вядома пра справу журналіста «КП» Генадзя Мажэйкі праз тры дні пасьля яго затрыманьня