Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін паінфармаваны». Што вядома пра справу журналіста «КП» Генадзя Мажэйкі праз тры дні пасьля яго затрыманьня


«Комсомольская правда в Беларуси», навіна пра Зельцара да і пасьля рэакцыі праўладных каналаў.
«Комсомольская правда в Беларуси», навіна пра Зельцара да і пасьля рэакцыі праўладных каналаў.

Журналіста Генадзя Мажэйку, які шмат гадоў працуе ў беларускім выданьні «Камсамольскай праўды», затрымалі ў Маскве ў ноч з 1 на 2 кастрычніка.

Гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю ня толькі ў калегаў Мажэйкі, але і ў афіцыйнага Крамля, а таксама ў прадстаўнікоў шэрагу буйных пракрамлёўскіх СМІ Расеі. Расказваем, што вядома пра гэтую справу праз тры дні пасьля падзей і чым яна можа скончыцца.

Арышт карэспандэнта беларускай «Камсамолкі» асудзілі ў Крамлі. Выданьне належыць блізкаму сябру Ўладзіміра Пуціна.

Журналіста Генадзя Мажэйку, які шмат гадоў працуе ў беларускім выданьні «Камсамольскай праўды», затрымалі ў Маскве ў ноч з 1 на 2 кастрычніка. Гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю ня толькі ў калегаў Мажэйкі, але і ў афіцыйнага Крамля, а таксама ў прадстаўнікоў шэрагу буйных пракрамлёўскіх СМІ Расеі. Расказваем, што вядома пра гэтую справу праз тры дні пасьля падзей і чым яна можа скончыцца.

Публікацыя пра Зельцара

Жыхар Менску Андрэй Зельцар загінуў 28 верасьня, як мяркуецца, у сваёй кватэры на вуліцы Якубоўскага падчас перастрэлкі зь сілавікамі. Падрабязнасьці гэтай гісторыі застаюцца невядомымі. КДБ Беларусі афіцыйна паведаміў, што Зельцар застрэліў аднаго з супрацоўнікаў спэцслужбаў. Цела Зельцара родным не выдаюць дагэтуль. Яго жонку, якая прысутнічала ў кватэры падчас штурму і вяла відэазапіс падзей, затрымалі і абвінавацілі ў саўдзеле ў забойстве супрацоўніка праваахоўных органаў.

Публікацыі пра гэтае здарэньне зьявіліся на старонках усіх буйных недзяржаўных СМІ Беларусі. Аўтарам тэксту, які апублікавала беларуская філія расейскага выданьня «Комсомольская правда», быў Генадзь Мажэйка. Яго тэкст з загалоўкам «Аднаклясьніца хлопца, які застрэліў супрацоўніка КДБ: „Андрэй быў заўсёды за праўду, мог абараніць сябе“» быў апублікаваны на сайце выданьня ў 22.04 у той самы дзень, 28 верасьня. Тэкст утрымліваў кароткую размову з даўняй знаёмай Андрэя Зельцара, у якой яна станоўча характарызавала загінулага. Літаральна празь некалькі хвілін пасьля публікацыі яе загаловак зьмянілі, а пазьней тэкст увогуле выдалілі.

Рэакцыя беларускіх уладаў

Доступ да сайта kp.by быў заблякаваны раніцай наступнага дня — 29 верасьня. У набліжаных да беларускіх уладаў ананімных тэлеграм-каналах зьявіліся заклікі «разабрацца» з «„Комсомольской правдой“ в Беларуси» і пакараць вінаватых у зьяўленьні публікацыі са станоўчымі характарыстыкамі Андрэя Зельцара. Па стане на 4 кастрычніка сайт kp.by застаецца цалкам заблякаваны, доступ да яго немагчымы нават з тэрыторыі іншых краінаў, у тым ліку з Расеі. Мінінфармацыі Беларусі патлумачыла блякаваньне прысутнасьцю на сайце «Камсамолкі» зьвестак, «якія садзейнічаюць фармаваньню крыніц пагроз нацыянальнай бясьпекі, якія заключаюцца ў штучным нагнятаньні напружанасьці і супрацьстаяньня ў грамадзтве».

Яшчэ праз два дні, 1 кастрычніка, стала вядома пра ператрус у кватэры аўтара публікацыі на сайце «Комсомольской правды» Генадзя Мажэйкі. Самога яго на гэты момант ужо не было ў Беларусі. Затрымалі журналіста ў ноч з 1 на 2 кастрычніка ў адным з гатэляў Масквы. Пасьля гэтага Мажэйку зьмясьцілі ў ізалятар на завулку Акрэсьціна, пра што маці журналіста паінфармавалі ў Сьледчым камітэце. Вядома таксама, што ён адзін з больш як сотні затрыманых пасьля інцыдэнту з удзелам супрацоўнікаў КДБ Беларусі і Андрэем Зельцарам. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за публікацыю камэнтароў аб перастрэлцы на сталічнай вуліцы Якубоўскага людзей масава затрымлівалі па ўсёй Беларусі.

Рэакцыя Крамля

«Крэмль дакладна абазначыў сваю пазыцыю па блякаваньні „КП у Беларусі“, чакаем адмены абмежаваньняў. Пакуль няма адчуваньня, што ў Менску чуюць нашу пазыцыю», — сказаў у панядзелак 4 кастрычніка агенцтву «РИА Новости» прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Ён таксама адзначыў, што за сытуацыяй вакол затрыманьня Генадзя Мажэйкі і блякаваньня сайта kp.by сочыць асабіста кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. Па словах Пяскова, у Крамлі ня ведаюць, дзе быў затрыманы беларускі журналіст. Разам з тым ён дадаў, што паколькі гаворка ідзе пра грамадзяніна Беларусі, Масква юрыдычна ня можа абараняць яго інтарэсы.

Выказваньні набліжаных да Крамля расейскіх журналістаў былі больш рэзкія. Галоўная рэдактарка выданьня RT Маргарыта Сіманьян абвінаваціла беларускія ўлады ў выкраданьні чалавека і напісала, што да такога не дайшлі нават улады ЗША, зь якімі ў Расеі ня вельмі добрыя адносіны.

Што ў гісторыі Мажэйкі застаецца няясным

Самае галоўнае — хто і як затрымліваў журналіста ў Маскве. А таксама — як ён апынуўся пасьля гэтага на Акрэсьціна. Начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун пацьвердзіў затрыманьне Генадзя Мажэйкі ў рамках крымінальнай справы ч.3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасьці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). Міліцэйскі чыноўнік запэўніў, што журналіста затрымалі на тэрыторыі Беларусі, а не ў Расеі, як сьцьвярджалі раней сваякі затрыманага.

«Грамадзянін Мажэйка выехаў у Расейскай Фэдэрацыі, адкуль меўся выляцець у трэцюю краіну. Аднак улады Расеі адмовілі яму ў такой магчымасьці і прадпісала пакінуць тэрыторыю. Пасьля гэтага ён вярнуўся ў Беларусь, дзе і быў затрыманы», — сказаў у камэнтары Аляксей Бягун.

Што пагражае Мажэйку, калі яго ня вызваляць

Паводле маці Генадзя Мажэйкі, дадому да журналіста праваахоўнікі прыходзілі з пастановай аб ператрусе паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі — часткі 3 артыкула 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, альбо іншай сацыяльнай варажнечы), а таксама артыкула 369 (абраза прадстаўнікоў улады). Па гэтых жа артыкулах абвінавачваюць і іншых затрыманых пасьля інцыдэнту ў кватэры Андрэя Зельцара.

Калі журналісту прад’явяць абвінавачваньні па згаданых артыкулах, яму можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

Адвакат трапіў да яго 4 кастрычніка пасьля абеду, у ягонай прысутнасьці журналіста «КП» дапыталі як падазраванага. Цяпер вырашаецца пытаньне аб меры стрыманьня. Мажэйка адчувае сябе добра, паведаміў адвакат.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG