Вярхоўны суд ліквідаваў ЗБС «Бацькаўшчына»

24 верасьня судзьдзя Вярхоўнага суду Рыма Філіпчык прыняла рашэньне задаволіць пазоў Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»

Пра гэта паведаміла ЗБС у фэйсбуку.

Улетку Міністэрства юстыцыі назвало прычынай падачы пазову перанос чарговага VIII зьезду з 2021 на 2022 год. Пазьней жа Сьледчы камітэт заявіў, што «Бацькаўшчына» заклікала да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі (арт. 361 КК).

Міністэрства юстыцыі выставіла і іншыя прэтэнзіі: своечасова не пададзены дадатковыя дакумэнты, хоць у офісе «Бацькаўшчыны» адбыўся ператрус і памяшканьне апячаталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Нам сказалі правесьці зьезд аб пераносе зьезду». Як беларускія ўлады ліквідуюць «Бацькаўшчыну»

14 ліпеня ў офісе «Бацькаўшчыны» адбыўся ператрус. З кіраўніц ЗБС Алены Макоўскай і старшыні Рады Ніны Шыдлоўскай узялі падпіску аб невыдаваньні. 19 ліпеня стала вядома, што яны выехалі зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лідэркі аб’яднаньняў «Бацькаўшчына» і «Будзьма беларусамі» дзеля бясьпекі выехалі зь Беларусі

10 верасьня 1990 году адбылася Ўстаноўчая канфэрэнцыя дзеля арганізацыі Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Мэта — кансалідаваць беларусаў у краіне і за яе межамі. У 1992 годзе быў створаны Арганізацыйны камітэт падрыхтоўкі сусьветнага беларускага зьезду. Сустаршынямі Камітэту былі абраныя прэзыдэнт ЗБС Васіль Быкаў і, ад дзяржавы, — тагачасны міністар замежных спраў Пятро Краўчанка.

Першы зьезд «Бацькаўшчыны» праходзіў 8–10 ліпеня ў Нацыянальным вялікім тэатры опэры і балету. На ім прысутнічалі каля 486 замежных дэлегатаў з 22 краін сьвету, 510 дэлегатаў зь Беларусі, 200 гасьцей. У прэзыдыюме — старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Станіслаў Шушкевіч, зьезд адкрыў народны пісьменьнік Беларусі Васіль Быкаў. З асноўным дакладам «Беларуская ідэя і пабудова беларускай дзяржаўнасьці» выступіў акадэмік Радзім Гарэцкі.

Ад той пары зьезды адбываліся раз на чатыры гады. Асноўнай тэмай другога зьезду былі «Праблемы захаваньня беларускай прысутнасьці ў сьвеце», трэцяга зьезду — «Беларусь і беларусы на мяжы тысячагодзьдзяў».

«Бацькаўшчына» зьбірае беларусаў замежжа на зьезд у Менску.
Апошні, VII зьезд адбыўся ў 2017 годзе ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры, галоўная тэма — «Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасьць, беларускае замежжа — выклікі сучаснасьці і стратэгія разьвіцьця». На зьезьдзе выступаў і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей.

Менавіта дзякуючы Згуртаваньню ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Таварыства беларускай школы зьліквідавалі на ягонае 100-годзьдзе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Можна ліквідаваць арганізацыю, але ня вольнае слова»,— літаратары заступіліся за закрыты ўладамі ПЭН-цэнтар