Выбары ў Канадзе зноў выйграла партыя Трудо, але ў яго ня будзе большасьці

Джасьцін Трудо выступае ў Манрэалі

На датэрміновых парлямэнцкіх выбарах у Канадзе перамагае Лібэральная партыя дзейнага прэм’ер-міністра Джасьціна Трудо. Аднак у яе прыхільнікаў ня будзе абсалютнай большасьці.

Паводле папярэдніх вынікаў галасаваньня, якое прайшло 20 верасьня, лібэралы атрымаюць у парлямэнце 156 месцаў, тады як для большасьці неабходна 170 мандатаў.

За Кансэрватыўнай партыяй у новым парлямэнце захаваецца статус галоўнай апазыцыйнай сілы. Пасьля апрацоўкі больш як 90% пратаколаў кансэрватарам прагназуюць ня менш як 121 крэсла.

«Яшчэ застаюцца непадлічаныя галасы, але мы ўжо бачым, што мільёны канадыйцаў прагаласавалі за прагрэсіўны плян разьвіцьця», — заявіў Джасьцін Трудо, выступаючы ў Манрэалі. Гэта ўжо яго трэцяя перамога на фэдэральных выбарах, але крытыкі называюць цяперашняе галасаваньне пустым марнаваньнем часу і грошай. Як адзначае ВВС, вынікі выбараў паказваюць, што склад будучага парлямэнту будзе ня моцна адрозьнівацца ад папярэдняга, выбранага ў 2019 годзе.

Заклік 49-гадовага прэмʼера правесьці датэрміновыя выбары, другія за два гады, многія разглядаюць як спробу Трудо сфармаваць урад большасьці на фоне пасьпяховых намаганьняў ягонага кабінэту ў барацьбе з каранавірусам.

Аднак некаторыя крытыкуюць прэмʼера менавіта за нязручны, як яны лічаць, час для галасаваньня з прычыны чацьвёртай хвалі пандэміі. Апазыцыя таксама паказвае, што цяперашнія выбары сталі самымі дарагімі ў гісторыі Канады. Яны абышліся бюджэту ў 600 мільёнаў канадыйскіх даляраў, або 470 мiльёнаў даляраў ЗША.

«Канадцы пакінулі яго (Трудо. — Рэд.) з чарговай меншасьцю, але коштам у 600 мільёнаў і зь яшчэ больш сурʼёзнымі разнагалосьсямі ў нашай вялікай краіне», — падкрэсьлівае лідэр кансэрватараў Эрын ОʼТул.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Канады выступіў супраць удзелу Расеі ў G7
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Канады прызнаў абыходжаньне Кітаю з уйгурамі «генацыдам»