Дарадца Ціханоўскай узяў удзел у канфэрэнцыі высокага ўзроўню ва Ўкраіне

Францішак Вячорка

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Францішак Вячорка ўзяў удзел у Ялцінскай канфэрэнцыі эўрапейскай стратэгіі, якая прайшла ў Кіеве.

У канфэрэнцыі ўдзельнічалі прэзыдэнт і кіраўнік МЗС Украіны Уладзімір Зяленскі і Дзьмітры Кулеба, былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, былы прэм’ер Швэцыі Карл Більдт, экс-дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, былы прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз супраць Украіны і ўльтыматум Эўразьвязу. Што азначае ваяўнічая рыторыка Лукашэнкі

Паводле дарадцы Ціханоўскай беларускі крызіс стаў адной з тэмаў канфэрэнцыі.

«Падчас канфэрэнцыі мы правялі шэраг кансультацыяў з палітычнымі групамі, міністэрствам замежных справаў Украіны і офісам прэзыдэнта. У прыватнасьці, размаўлялі пра нявыдачу беларусаў і асабістых дадзеных нашых суайчыньнікаў КДБ Лукашэнкі, спыненьне палітычнай і эканамічнай супрацы з рэжымам і санкцыі, Усходняе партнэрства і супрацу ў міжнародных арганізацыях» — распавёў Францішак Вячорка пра свае перамовы падчас канфэрэнцыі.

Падчас канфэрэнцыі ў дыскусіі, прысьвечанай Беларусі, узялi удзел намесьнік міністра замежных справаў Украіны Васіль Боднар, былы міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, былы амбасадар ЗША Джон Хербст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўзмацніла ахову мяжы зь Беларусьсю і рыхтуецца адпрацоўваць навыкі адбіцьця зьнешняй агрэсіі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Украіны сказаў, пры якіх умовах дачыненьні зь Беларусьсю будуць цалкам разарваныя