Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна перадасьць Беларусі зьвесткі пра грамадзяніна, які нібыта пагражаў аднаму з кіраўнікоў віцебскага АМАПу


АМАП затрымлівае ўдзельніка пратэсту ў Віцебску. 10 жніўня 2020 г. Архіўнае фота
АМАП затрымлівае ўдзельніка пратэсту ў Віцебску. 10 жніўня 2020 г. Архіўнае фота

Суд у Кіеве дазволіў украінскім пракурорам забраць у аднаго з украінскіх апэратараў мабільнай сувязі дакумэнты з анкетнымі дадзенымі кліента і зьвесткамі пра ягоныя званкі і перапіску ў пэрыяд з 13 жніўня 2020 году да 24 лютага 2021 году.

Пракурорка Саломенскай акруговай пракуратуры Кіева Кацярына Данілюк на падставе звароту «кампэтэнтных органаў Рэспублікі Беларусь» зьвярнулася ў суд па міжнародную дапамогу.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, доступ да дакумэнтаў апэратара мабільнай сувязі неабходны ў межах крымінальнай справы, якую сёлета 24 лютага завёў Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту Беларусі. Справа тычыцца пагрозы гвалту ў дачыненьні да намесьніка камандзіра віцебскага АМАПу.

У судовым рашэньні прозьвішча пацярпелага не называецца. Вядома, што з 24 лістапада 2020 году гэтую пасаду займае Віталь Кушнер.

З дакумэнту, абнародаванага ў Адзіным дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны, вынікае, што грамадзянін праз Telegram адпраўляў намесьніку камандзіра АМАП у Віцебску паведамленьні з «абразамі і пагрозамі гвалту да яго і ягоных блізкіх». Тэкст гэтых паведамленьняў не ўдакладняецца.

У выпадку, калі апэратар мабільнай сувязі адмовіцца выдаць інфармацыю пра свайго абанэнта і раскрыць ягоныя анкетныя дадзеныя ды зьвесткі пра званкі, суд можа дазволіць правесьці вобшук і выняць усе неабходныя дакумэнты.

Гэта другі выпадак, які стаў вядомым дзякуючы публікацыі судовых рашэньняў, калі Ўкраіна пагадзілася дапамагчы «кампэтэнтным органам Беларусі» знайсьці грамадзян, якія пасьля масавых рэпрэсій супраць удзельнікаў акцый пратэсту нібыта пагражалі прадстаўнікам сілавых органаў.

Першыя такія дакумэнты на запыт беларускіх сілавікоў Украіна пагадзілася перадаць у межах крымінальнай справы аб пагрозе гвалтам начальніку Галоўнага ўпраўленьня ДАІ ў Беларусі Дзьмітрыю Карзюку. Пракуратура Ўкраіны не паведамляе вынікаў.

Вядома, што з пачатку 2021 году Ўкраіна перадала Беларусі паводле мэханізму аб экстрадыцыі 16 беларускіх грамадзян. Аднак Кіеў не ўдакладняе падставаў, паводле якіх гэтых грамадзян перасьледавалі ў Беларусі. Цяпер ва ўкраінскіх судах знаходзіцца некалькі дзясяткаў справаў аб экстрадыцыі грамадзян Беларусі, якіх вышукваюць за эканамічныя і крымінальныя злачынствы. Звычайна такія справы цягнуцца па некалькі гадоў.

Якія дакумэнты вызначаюць супрацу сілавых структур Беларусі і Ўкраіны

  • Угода пра супрацу паміж генэральнымі пракуратурамі Беларусі і Ўкраіны. Падпісана ў траўні 2010 году. У яе межах ведамствы могуць накіроўваць запыты аб міжнароднай дапамозе па крымінальных справах. Паводле працэдуры запыт накіроўваецца ў пісьмовай форме, але ў неадкладных выпадках можа перадавацца вусна, пры ўмове, што будзе пацьверджаны пісьмова цягам трох дзён. У выпадку, калі адзін з бакоў ня можа выканаць запыт, ён мусіць абавязкова паведаміць пра абставіны, якія перашкаджаюць выкананьню. Тэкст угоды даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны.
  • Угода пра супрацу і ўзаемадзеяньне паміж Службай бясьпекі Ўкраіны і Камітэтам дзяржаўнай бясьпекі Беларусі. Падпісана ў ліпені 1992 году. З 1993 да 2006 году ў яе межах бакі падпісалі 21 пратакол. Дакумэнт забаронены да публікацыі, бо зьмяшчае службовую інфармацыю; адпаведна, доступ да яго абмежаваны.
  • Міжурадавая ўгода аб супрацы ў памежных і мытных пытаньнях. Падпісана ў сьнежні 1992 году. Дакумэнт прадугледжвае супрацу і супольны кантроль на мяжы за працэсамі нелегальнай міграцыі, барацьбы з кантрабандай, тэрарызмам і наркабізнэсам. У межах гэтай угоды штогод падпісваецца пратакол аб парадку абмену інфармацыяй. Апошні такі пратакол падпісалі ў лістападзе 2020 году. Пратакол забараняе ўкраінскім памежнікам перадаваць беларускаму боку інфармацыю з абмежаваным ва Ўкраіне доступам, а таксама пэрсанальныя дадзеныя. Апроч таго, бакі абавязаныя не разгалошваць інфармацыю, атрыманую ў межах рэалізацыі гэтага пратаколу. Тэкст угоды даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны.
  • Угода аб рэадмісіі. Падпісана ў кастрычніку 2018 году, набыла юрыдычную моц у жніўні 2020-га. У ёй вызначаныя ўзаемныя абавязаньні дзяржаў прымаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, а таксама грамадзян трэціх краін і асобаў без грамадзянства, якія незаконна ўехалі на іхную тэрыторыю або незаконна знаходзяцца на ёй. Апроч таго, пад дзеяньне гэтага дакумэнту падпадаюць грамадзяне, якія страцілі падставы для легальнага знаходжаньня ў іншай краіне. Тэкст угоды даступны ў заканадаўчай базе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG