Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны сказаў, пры якіх умовах дачыненьні зь Беларусьсю будуць цалкам разарваныя


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі лічыць імаверным перарастаньне канфлікту з Расеяй у поўнамаштабную вайну.

«Думаю, што можа быць. Мне здаецца, што 2014 год быў, на жаль, крокам наперад у гэтым пытаньні з боку Расеі і потым, дзякуючы ўкраінцам, крокам назад. Патэнцыял у гэтай тэме ёсьць. Думаю, што гэта будзе найбольшай памылкай Расейскай Фэдэрацыі. Мяркую, што потым ніколі ня будзе існаваць суседзтва Расеі, Украіны, Беларусі, калі будзе магутная эскаляцыя з боку Расеі. Чаму Беларусі — таму што мы разумеем, што там, на тэрыторыі, ужо ёсьць прысутнасьць Расеі», — заявіў Уладзімір Зяленскі 10 верасьня, выступаючы ў Кіеве на штогадовым форуме YES (Ялцінская эўрапейская стратэгія), на якім абмяркоўваецца эўрапейскай будучыня Ўкраіны ў глябальным кантэксьце.

«Сьвет ужо зьмяніўся, і гэта найстрашнейшае, што я як чалавек, як грамадзянін, як украінец магу сабе ўявіць, але, на жаль, такая ёсьць імавернасьць», — дадаў ён.

Уладзімір Зяленскі дадаў, што лічыць украінскую армію адной з наймацнейшых у сьвеце, а краіна гатовая ўжо далучыцца да NATO. «Нам здаецца, што мы патрэбны NATO; нам здаецца, што без Украіны моцнага Эўрапейскага Зьвязу ня будзе. Я мяркую, што без Украіны NATO будзе страчваць. Калі вы хочаце, каб узмацнялася Расея — не бярыце Ўкраіну», — падкрэсьліў ён.

Прэзыдэнт Украіны таксама паведаміў, што ня мае часу думаць пра прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. «Мяне больш цікавіць, ці можам мы сустрэцца больш прадметна, а не дэкляратыўна, як ён гэта робіць зь некаторымі дзяржавамі».

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў назваў «апакаліптычнымі чаканьнямі» заяву Зяленскага пра магчымасьць поўнамаштабнай вайны паміж Расеяй і Ўкраінай. Як паведамляе ТАСС, Пяскоў дадаў, што ў Крамлі са шкадаваньнем успрынялі заяву ўкраінскага лідэра.

Уладзімір Зяленскі мяркуе, што ў Расеі няма жаданьня заканчваць вайну на ўкраінскім Данбасе.

  • Украіна не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і заявіла аб намеры далучыцца да санкцый Эўрапейскага зьвязу. Але Міністэрства замежных справаў Украіны толькі сёлета 6 траўня ўнесла адпаведныя прапановы на разгляд ураду аб далучэньні да санкцыяў, ухваленых Эўразьвязам 2 кастрычніка і 6 лістапада 2020 году.
  • Урад у ліпені зацьвердзіў гэтыя прапановы сваім распараджэньнем і накіраваў на разгляд Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны. Пакуль канчатковае рашэньне не абвясьцілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG