Журналістка ВВС, якая пытала Лукашэнку пра катаваньні беларусаў, расказала пра сваю высылку з Расеі

Сара Рэйналдс падчас працы

13 жніўня стала вядома, што карэспандэнтцы ВВС у Маскве Сары Рэйнсфард адмовіліся падоўжыць расейскую візу, і яна мусіць пакінуць краіну да канца месяца.

Сара Рэйнсфард назвала высылку «катастрофай» для сябе. Яна прызналася ВВС, што не чакала рашэньня аб непадаўжэньні візы.

«Мяне высылаюць — гэта не адмова падоўжыць маю візу, хоць тэхнічна гэта выглядае так. Мяне высылаюць, і мне сказалі, што я ніколі не змагу вярнуцца».

Рэйнсфард адзначыла, што Расея для яе была «ня проста месцам камандзіроўкі». Ёй падабалася распавядаць пра краіну, але рабіць гэта становіцца ўсё цяжэй. На яе думку, расейскія незалежныя журналісты сутыкаюцца зь вельмі сур’ёзнымі праблемамі, але замежная прэса была больш-менш абаронена ад перасьледу.

«Я думаю, гэта відавочная прыкмета, што сытуацыя зьмянілася. Гэта яшчэ адзін трывожны сыгнал аб стане спраў у Расеі і яшчэ адзін крок у бок пагаршэньня стасункаў Расеі са зьнешнім сьветам — сыгнал, што Расея ўсё больш адгароджваецца».

Рэйнсфард пачала працаваць у Расеі ў пачатку 2000-х, яна была адной зь першых замежных карэспандэнтаў, якія прыехалі ў Беслан асьвятляць захоп закладнікаў у школе ў верасьні 2004 году. Пасьля гэтага яна працавала ў Стамбуле, Мадрыдзе і Гаване.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна канкуруюць, хто прыдумае яшчэ якую-небудзь гадасьць». Погляд з Расеі на перасьлед журналістаў

9 жніўня журналістка ўдзельнічала ў этэры «Вялікай размовы» ў Менску, дзе задала пытаньні Аляксандру Лукашэнку пра рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў, санкцыі супраць Беларусі і аб тым, ці ня страціў ён легітымнасьць праз рэпрэсіі супраць беларусаў.

У адказ на яе спачатку абрынуўся сам Лукашэнка, а пасьля яго падтрымалі праўладныя прапагандысты.

Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава раней запярэчыла інфармацыю аб тым, што Рэйнсфард не падаўжаюць візу з-за «нязручных» пытаньняў Лукашэнку. Яна заявіла, што гэта ніяк не зьвязана, а хуткі ад’езд Рэйнсфард прадыктаваны выключна захадамі ў адказ з боку Крамля на палітыку Вялікай Брытаніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналістку ВВС, якая задала Лукашэнку пытаньне аб легітымнасьці і катаваньнях, высылаюць з Расеі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і прапагандысты атакавалі карэспандэнтку BBC у адказ на пытаньне пра катаваньні і палітвязьняў