Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна канкуруюць, хто прыдумае яшчэ якую-небудзь гадасьць». Погляд з Расеі на перасьлед журналістаў


Дзьверы офісу Свабоды ў Менску пасьля ўзламаньня і ператрусу 16 ліпеня 2021
Дзьверы офісу Свабоды ў Менску пасьля ўзламаньня і ператрусу 16 ліпеня 2021

Тэлеканал «Настоящее время» пагаварыў з рэдактарам аддзелу палітыкі «Новой газеты» Кірылам Мартынавым пра перасьлед журналістаў у абедзьвюх краінах.

Прапануем вашай увазе фрагмэнты з гэтага інтэрвію ў перакладзе і відэа поўнай размовы.

— У сваёй заяве ў тэлеграме каманда «Проекту» [расейскі незалежны мэдыяпраект. — РС] ў канцы напісала, што журналістыка — гэта не злачынства. Ёсць устойлівае адчуваньне ўжо ня першыя дні, што ў Расеі і ў Беларусі справы ідуць трошкі па-іншаму. У вас ёсьць які-небудзь пункт, магчыма, часовы, у якім журналістаў сапраўды прыраўнялі да злачынцаў, калі яны зьяўляюцца свабоднымі журналістамі?

— Я ня думаю, што мы можам гаварыць пра сьвядомасьць вельмі многіх людзей, мне здаецца, што мы можам гаварыць пра настрой уладаў у першую чаргу і тых сіл, якія на ўладу працуюць наўпрост. Тут можна пісаць нават цэлае антрапалягічнае дасьледаваньне, а калі гіпотэзу гэтага дасьледаваньня сфармуляваць коратка, то, здаецца, усё пайшло ня так, калі, з пункту гледжаньня ўладаў, журналісты, як высьветлілася, аказаліся здольнымі самастойна выбіраць, пра што яны пішуць, а якія тэмы яны ня лічаць важнымі.

Таму што, мабыць, яшчэ зь нейкіх такіх савецкіх ці постсавецкіх часоў і ў Расеі, і ў Беларусі ёсьць адчуваньне ва ўладаў, што журналістыка — гэта такая скрайне цынічная прадажная прафэсія, якая будуецца на тым, што хто больш заплаціў, той, адпаведна, і публікуецца там на першай паласе або ідзе першым нумарам навін. І калі, скажам, у Беларусі ці ў Расеі праходзяць вялікія пратэставыя акцыі, і калі журналісты ня хочуць рабіць выгляд, што іх няма, і надаюць ім шмат увагі, то ўлады пачынаюць хвалявацца, і яны пачынаюць думаць паводле гэтай сваёй савецкай лёгікі, што раз журналісты пра пратэсты пішуць ці распавядаюць у сваіх этэрах, значыць, яны, напэўна, камусьці прадаліся, і ня ўладам. (…)

— Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі і Расеі. Гэта розныя працэсы або паралельныя?

— Я думаю, што лукашэнкаўскі рэжым і рэжым Пуціна ладзяць цяпер такі маратонны забег на нейкую доўгую або, можа быць, сярэднюю дыстанцыю. Яны адзін з адным канкуруюць, хто з іх прыдумае яшчэ якую-небудзь гадасьць, гадасьць для таго, каб сабе палегчыць жыцьцё, а грамадзянам, журналістам у прыватнасьці, гэтае жыцьцё ўскладніць.

Напрыклад, рэч, у якой расейскі бок моцна апярэджвае Беларусь, гэта гісторыя пра «непажаданыя арганізацыі», якая аказалася вельмі простым і эфэктыўным спосабам спыняць працу цэлых калектываў без якіх-небудзь для гэтага падстаў. Калі ты можаш нешта прызнаць «непажаданай арганізацыяй», няхай гэта будзе камэрцыйная кампанія або і некамэрцыйная, ты проста гэта робіш на ўзроўні Мін’юсту, а пасьля гэтага ўсім, хто з гэтай структурай супрацоўнічае, пагражае ад 4 да 6 гадоў турмы, што фактычна азначае, што арганізацыя павінна быць распушчаная, яе супрацоўнікі звольненыя для таго, каб нікога так не падстаўляць.

І ў Беларусі, наколькі я ведаю, такой мэханікі кляснай яны не прыдумалі, напэўна, зайздросьцяць цяпер і таксама хочуць даганяць. І я думаю, што гэта такая таксама цікавая гульня, такая трагікамічная — складаць цяпер сьпісы расейскіх і беларускіх рэпрэсій, рэпрэсаваных мэханізмаў і глядзець, у чым яны адрозьніваюцца, дзе яны адзін аднаго апярэджваюць, дзе, наадварот, адстаюць і гэтак далей. І атрымліваецца там сапраўды, што Беларусь у некаторых пытаньнях наперадзе ў гэтым рэпрэсіўным маратоне, а ў іншых пытаньнях Расея ўжо, наадварот, абганяе Лукашэнку.

І мне здаецца, што ідэя пра тое, што мы адстаем на некалькі гадоў, яна дакладна некарэктная, таму што тэрміны там ідуць, можа быць, на некалькі месяцаў, хутчэй на некалькі гадоў, таму што мы бачым, як расейскія ўлады проста пад любую актуальную задачу мяняюць заканадаўства. Хочаш не дапусьціць прыхільнікаў Навальнага на выбары — ты проста прымаеш спэцыяльны закон, які заднім днём аб’яўляе іх абмежаванымі ў палітычных правах. Гэта робіцца практычна імгненна, таму некалькі гадоў чакаць Беларусі нам ня трэба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG