Вінаватымі ў шэрагу злачынстваў, у тым ліку цяжкіх — арганізацыі масавых беспарадкаў, хочуць прызнаць палітыка Міколу Статкевіча, блогераў Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага і Ўладзімера Цыгановіча, мадэратара сацсетак Дзьмітрыя Папова і апэратара Арцёма Сакава.
Ігар Лосік напісаў у адным зь лістоў, датаваных 3 жніўня, што не разумее — што ён робіць на судзе і што там увогуле адбываецца.
«Пачытай пра суды-тройкі ў 1937, неяк так прыкладна. Такой ступені маразму ўсяго працэсу я нават не чакаў. Што закрылі суд у мэтах бясьпекі — гэта праўда. Бясьпекі здаровага сэнсу і душэўнага стану», — напісаў палітвязень.
Ягоная жонка Дар'я Лосік кожны тыдзень з аўторка па пятніцу праводзіць час пад гомельскім СІЗА.
«Наконт суду нічога не вядома, на здароўе Ігар ня скардзіцца. З настроем — перапады, але гэта лягічна для чалавека ў такіх умовах. Пад СІЗА я пазнаёмілася са многімі людзьмі, якія носяць перадачы родным. Некаторыя — упершыню, ня ведаюць, як і што. Губляюцца. Я ім дапамагаю, кансультую. Людзі вельмі добрыя. Тут пад СІЗА ўсе стараюцца адзін аднаму дапамагаць», — расказала Дар’я.
Гомель. Суд над блогерамі і палітыкамі. У клетцы — стаяць тварам наперад Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі.
Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, хвалюецца, што апошні ліст, які яна атрымала ад мужа, датаваны 28 ліпеня. Між тым заўтра, 12 жніўня, палітык адзначыць дзень нараджэньня — 65 гадоў. Жонка ня мае пэўнасьці, што адміністрацыя СІЗА перадасьць яму віншаваньні, якія яна напісала ў лісьце. Заўтра Статкевіча мае наведаць адвакат.
«Лісты не даходзяць — мусіць, зноў у іх нейкая спэцапэрацыя, чарговая. Я ня ведаю, ці ходзіць Мікола на суды. Яго з працэсу выдалілі — на ягонае патрабаваньне, але абяцалі даставіць на спрэчкі бакоў. Ці пачаліся яны — невядома», — кажа Марына Адамовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дар’я Лосік: Мой муж — геройСоф’я Яфрэмаўна, маці Сяргея Ціханоўскага, паведаміла, што яна цяпер чакае ліста ад сына, а раней, «два ці тры тыдні таму», мела зь ім спатканьне ў СІЗА.
«Ну як ён? А як можа быць чалавек у такіх умовах? Карацей, цяжка. І мне цяжка, бо я сябе блага адчуваю», — зазначыла маці палітзьняволенага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Нічога добрага пра яго не скажу». Што вядома пра судзьдзю, які разглядае справу Лосіка, Ціханоўскага і іншыхГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«„Суд?“ Наагул не разумею — што гэта!» Што адбываецца на судзе ў справе Ціханоўскага