Суд у Маскве ўпершыню аштрафаваў Google на 3 млн расейскіх рублёў за адмову лякалізаваць зьвесткі карыстальнікаў у Расеі

Міравы судзьдзя судовага ўчастку № 422 Таганскага раёну Масквы аштрафаваў Google на 3 млн расейскіх рублёў за адмову лякалізаваць зьвесткі карыстальнікаў у Расеі. Пра гэта паведамляе «РИА Новости» са спасылкай на суд.

Кампанію Google LLC прызналі вінаватай у парушэньні заканадаўства РФ у галіне пэрсанальных зьвестак (частка 8 артыкулу 13.11 КаАП). Гэта першы падобны штраф, вынесены кампаніі, падкрэсьлівае агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя аштрафавала Google за манаполію ў онлайн-рэкляме

У траўні сёлета кампаніі Google прысудзілі штраф памерам 6 млн расейскіх рублёў за невыдаленьне «супрацьпраўнага кантэнту» з «заклікамі» да ўдзелу ў зімовых акцыях у падтрымку палітыка Аляксея Навальнага.

Дагэтуль кампанія Google упершыню падала пазоў да «Роскомнадзора», бо ведамства патрабавала выдаліць зь ютубу 12 ролікаў, дзе, паводле вэрсіі Генэральнай пракуратуры, ёсьць заклікі ўдзельнічаць у студзеньскіх мітынгах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: G7: Буйныя IT-карпарацыі з гэтага часу будуць па-новаму плаціць падаткі

«Роскомнадзор» ня раз штрафаваў такія замежныя сэрвісы, як Google, Facebook і Twitter, за адмову выдаліць на яго патрабаваньне «забароненую інфармацыю». Толькі ў пачатку красавіка сэрвіс мікраблогаў Twitter аштрафавалі за гэта на 8,9 млн расейскіх рублёў.

Да гэтага ўлады замарудзілі працу сацыяльнай сеткі і пагражалі блякаваньнем, але ад гэтага пазьней адмовіліся. Пры гэтым запаволеньне захаваецца на мабільных прыладах. «Роскомнадзор» пасьля гэтага «ў разе невыдаленьня забароненай інфармацыі» пагражаў запаволеньнем працы кампаніі Google.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікі Google прызналіся ў сачэньні без дазволу за карыстальнікамі смартфонаў