«Легіянэры ня хочуць ехаць у Беларусь». Экс-трэнэр «Шахцёра» пра наступствы санкцый у футболе

Беарускія футбалісты, архіўнае фота

Нядаўна звольнены трэнэр салігорскага «Шахцёра» Раман Грыгарчук расказаў, што замежныя футбалісты баяцца ехаць выступаць за беларускія клюбы.

Пасьля нечаканай паразы ад люксэмбурскай каманды «Фола» (1:2) у Лізе канфэрэнцый (новы турнір пад эгідай УЭФА) адміністрацыя футбольнага клюбу «Шахцёр» адмовілася ад паслугаў украінскага спэцыяліста.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы авіясанкцый: футбольная зборная Беларусі згуляе ў Казані, удзельнікі эўракубкаў — у Батумі і Бялградзе

Раман Грыгарчук ужо вярнуўся ў Адэсу і расказаў парталу Football.ua, што заходнія санкцыі рэальна ўплываюць на стан беларускага футболу. Праз блякаваньне авіязносінаў каманды мусяць гуляць хатнія матчы эўракубкаў у іншых краінах, а патэнцыйныя легіянэры адмаўляюцца ехаць у праблемную Беларусь.

«Кажучы аб сэлекцыі, складанасьці былі зьвязаныя перадусім з санкцыямі і рэгламэнтнымі абмежаваньнямі ў фінансавых пытаньнях. Футбалісты проста ня хочуць ехаць у Беларусь, узьнікае занадта шмат праблемаў. Напрыклад, пачынаем цікавіцца тым ці іншым гульцом, а ён у адказ: „Беларусь? Не, я ня еду“. У такой сытуацыі праводзіць эфэктыўную сэлекцыйную працу неверагодна складана. І гэта не залежыць ад разьмеркаваньня абавязкаў або ад трансфэрнай палітыкі клюба, проста аб’ектыўна вельмі складана», — падзяліўся ён з футбольным рэсурсам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік Асацыяцыі футбалістаў Беларусі вымушана пакінуў краіну

Летась Раман Грыгарчук прывёў салігорцаў да чэмпіёнскага тытулу нацыянальнага першынства, выйграў Супэркубак Беларусі і забясьпечыў упэўненае лідэрства па выніках сёлетняга першага кругу. Аднак параза ад люксэмбурскай каманды, якая ў эўрапейскім рэйтынгу шмат ніжэй за беларускі клюб, каштавала ўкраінскаму настаўніку пасады.