Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва даслала ў Кангрэс ЗША прапановы новых санкцый супраць Лукашэнкі

Кангрэс ЗША, архіўнае фота

У прыватнасьці, НАК прапануе замарозіць карэспандэнцкія рахункі дзяржаўных банкаў Беларусі.

Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва падало свае прапановы для разгляду групай «Сяброў Беларусі» ў Кангрэсе ЗША. На думку Паўла Латушкі, санкцыі дадуць значна больш высокія шанцы на перамогу дэмакратычных сіл Беларусі і выгнаньне Лукашэнкі пры мінімальнай спадарожнай шкодзе.

НАК адзначыла, што зыходзіць з найважнейшай ролі ЗША ў працэсе разьвязаньня крызісу ў Беларусі.

«Прапануем істотныя, моцныя і кароткатэрміновыя санкцыі. Гэта забясьпечыць, нароўні зь дзеяньнямі грамадзянскай супольнасьці і замежнапалітычнай ізаляцыяй, значна больш высокія шанцы на перамогу дэмакратычных сіл Беларусі і выгнаньне Лукашэнкі пры мінімальнай спадарожнай шкодзе, што дазволіць хутка перайсьці да будаўніцтва новай Беларусі», — заявіў кіраўнік НАК Павал Латушка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сябры Беларусі» ў Палаце прадстаўнікоў заклікалі Байдэна сустрэцца зь Ціханоўскай

Крокі, прапанаваныя Народным антыкрызісным кіраўніцтвам на разгляд Кангрэсу:

  • закрыць Лукашэнку доступ да крэдытных рэсурсаў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Замарозіць долю Беларусі ў разьмеркаваньні сродкаў МВФ і перадаць яе толькі новаму міжнародна прызнанаму ўраду, калі такі зьявіцца;
  • выключыць кіраўніка Нацбанку Беларусі Паўла Калавура і міністра фінансаў Юрыя Селіверстава з Рады кіраўнікоў МВФ;
  • замарозіць карэспандэнцкія рахункі дзяржаўных банкаў Беларусі;
  • накласьці санкцыі на Мазырскі НПЗ і «Беларуськалій», далучыцца да сэктаральных санкцый разам з саюзьнікамі і пашырыць іх. Уключыць у санкцыйныя сьпісы самалёты Аляксандра Лукашэнкі;
  • блякаваць спробы ўхіленьня ад санкцый, у тым ліку за кошт Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнатар ЗША: эканамічныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі павінны быць цалкам рэалізаваныя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік камітэту Сэнату ЗША заклікаў да сэктаральных санкцый супраць афіцыйнага Менску
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэдка калі Байдэну выпадзе зручнейшы шанец». Што піша заходняя прэса пра візыт Ціханоўскай у ЗША