Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сябры Беларусі» ў Палаце прадстаўнікоў заклікалі Байдэна сустрэцца зь Ціханоўскай


Сьвятлана Ціханоўская выступае ў Вільні. Літва, 25 сакавіка 2021

Кангрэсмэны Біл Кітынг, Марсі Каптур, Крыс Сьміт і Джо Ўілсан абвясьцілі пра стварэньне двухпартыйнага кокусу «Сябры Беларусі» ў складзе ніжняй палаты Кангрэсу ЗША, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У сераду заканадаўцы зь ніжняй палаты Кангрэсу — дэмакраты Біл Кітынг, Марсі Каптур, а таксама рэспубліканцы Крыс Сьміт і Джо Ўілсан — абвясьцілі аб заснаваньні ў Палаце прадстаўнікоў двухпартыйнага кокусу (ініцыятыўнай групы) пад назвай «Сябры Беларусі». У гэтую групу могуць увайсьці ўсе кангрэсмэны, якія падтрымліваюць дэмакратычны рух у Беларусі і заклікаюць да адказнасьці рэжым Аляксандра Лукашэнкі за рэпрэсіі супраць апазыцыі і парушэньні правоў чалавека.

Сёньня раніцай заснавальнікі новага кокусу зьвярнуліся да прэзыдэнта Джо Байдэна з просьбай асабіста сустрэцца зь лідэрам беларускай апазыцыі Сьвятланай Ціханоўскай падчас яе плянаванага візыту ў Вашынгтон. Копія ліста была апублікаваная прэс-службай кангрэсмэна Кітынга, які ўзначальвае Падкамітэт замежных справаў у Эўропе.

«Мы лічым, што сустрэча са спадарыняй Ціханоўскай, якая змагаецца ў выгнаньні за дэмакратычную свабоду, выступаючы [...] супраць аўтарытарнага дыктатара, прадэманструе нязьменную прыхільнасьць Амэрыкі дэмакратычным інстытутам [...] Гэтая сустрэча таксама стане сыгналам нелегітымнаму рэжыму Лукашэнкі пра тое, што рэпрэсіі, фальсыфікацыя леташніх выбараў, і [...] арышт актывіста і журналіста Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі Соф’і Сапегі непрымальныя ў вачах міжнароднай супольнасьці», — сказана ў звароце «Сяброў Беларусі» да прэзыдэнта Джо Байдэна.

На думку заснавальнікаў кокусу, зьяўленьне ў Кангрэсе групы ў падтрымку свабоднай Беларусі «стане сыгналам для ўсяго сьвету аб тым, што ЗША падтрымліваюць тых, хто імкнецца да свабоды перад абліччам прыгнёту».

Народ Беларусі «цяпер мае патрэбу ў нашай падтрымцы больш, чым калі-небудзь», заявіў Біл Кітынг, які паабяцаў, што новая група будзе працаваць над падтрымкай «памкненьняў беларускага народу і над тым, каб рэжым Лукашэнкі панёс адказнасьць за парушэньні правоў чалавека».

«Мы падтрымліваем мужны народ Беларусі, які заслугоўвае сапраўднай дэмакратыі і змагаецца з [...] апошнім дыктатарам Эўропы Аляксандрам Лукашэнкам і яго саўдзельнікам, расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным», — сказана ў заяве кангрэсмэна Крыса Сьміта, які стаў аўтарам законапраекту аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі, прынятага Кангрэсам у 2020 годзе ў рамках комплекснага заканадаўчага пакету.

«Злучаныя Штаты даўно сябруюць і падтрымліваюць культурныя сувязі зь беларускім народам, — заявіла кангрэсмэнка Марсі Каптур, — Я зь нецярпеньнем чакаю пачатку супольнай працы з маімі калегамі ў распрацоўцы стратэгій, якія узмоцняць падтрымку грамадзянскай супольнасьці і дадуць надзею прыгнятанаму народу Беларусі».

Кангрэсмэн Джо Ўілсан заявіў, што праца ў кокусе «Сябры Беларусі» дапаможа членам Кангрэсу «ў прасоўваньні правоў чалавека і пазытыўнай будучыні для беларускага народу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG