У Кіеве дзень памяці Паўла Шарамета завяршыўся акцыяй пратэсту каля Міністэрства ўнутраных справаў. ФОТА

Акцыя каля Міністэрства ўнутраных спраў Украіны ў Кіеве

Грамадзкія актывісты, сябры і калегі абвінавачаных у забойстве журналіста Паўла Шарамета ўвечары 20 ліпеня прыйшлі да будынку Міністэрства ўнутраных справаў Украіны з патрабаваньнем спыніць перасьлед людзей, якіх пратэстоўцы лічаць невінаватымі ў злачынстве, і перадаць справу на расьсьледаваньне з Нацыянальнай паліцыі ў іншыя органы дасудовага расьсьледаваньня.

Удзельнікі акцыі заклікалі сьледчых шукаць сапраўдных забойцаў журналістаў, а не «прызначаць на іх ролю невінаватых людзей».

Паводле адвакатаў, якія выступілі на акцыі, у матэрыялах справы адсутнічаюць доказы вінаватасьці Андрэя Антоненкі, Юліі Кузьменкі і Яны Дугар. Абаронцы паведамілі, што ім не дазволілі знаёміцца з матэрыяламі, якія сьледзтву перадаў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць гадоў без Шарамета. Шэсьць галоўных аспэктаў справы пра забойства журналіста

Удзельнікі акцыі таксама патрабавалі правесьці ўнутранае расьсьледаваньне ў Нацыянальнай паліцыі, каб пакараць тых, хто, паводле іх, фальсыфікаваў справу.

У ахове грамадзкага парадку былі задзейнічаныя сілы Нацыянальнай гвардыі і паліцыі, якія ахоўвалі міністэрства. Каб трапіць на акцыю, паліцэйскія прасілі журналістаў і ўдзельнікаў паказаць ім свае торбы і заплечнікі, пытаючыся пра наяўнасьць небясьпечных рэчываў.

Акцыя прайшла без інцыдэнтаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці журналіста Паўла Шарамета, загіблага 5 гадоў таму: «Забіў цынізм беларускага КДБ»