Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці журналіста Паўла Шарамета, загіблага 5 гадоў таму: «Забіў цынізм беларускага КДБ»


Маці Паўла Шарамета Людміла Станіславаўна.

20 ліпеня споўнілася пяць гадоў з дня забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета. Ён загінуў у Кіеве пасьля выбуху аўтамабіля, на якім ехаў раніцай на працу. Замоўцаў ягонага забойства дагэтуль не знайшлі.

У чарговую гадавіну забойства Паўла Шарамета выданьне «Українська правда», дзе Павал Шарамет быў адным з кіраўнікоў, апублікавала інтэрвію зь ягонай маці Людмілай Станіславаўнай.

Сярод іншага маці журналіста пракамэнтавала вэрсію пра так званы «беларускі сьлед» у забойстве Шарамета. У пачатку 2021 году зьявілася прастору ўскалыхнула публікацыя аўдыёзапісаў размовы 2012 году, якія ўкраінскаму сьледзтву перадаў былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар. У размове з удзелам асобы, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Беларусі Вадзіма Зайцава, гаворка ішла аб падрыхтоўцы ліквідацыі апанэнтаў беларускай улады, у тым ліку і Паўла Шарамета.

Маці Паўла Шарамета кажа, што слухала аўдыёзапісы і «для яе гэта ня стала гэта асаблівай нечаканасьцю»:

«Адзінае, што мяне, вядома, забіла, гэта калі з такім цынізмам кажа: трэба так падарваць, каб рукі і ногі разьляцеліся ў розныя бакі. Я адразу нават гэта не пачула. Мяне зусім гэта разьбіла, я даволі доўга не магла прыйсьці ў сябе.

Вось толькі ўсё гэта трэба даказаць. Гэта ўсё патрабуе доказаў», — кажа Людміла Станіславаўна.

На пытаньне, ці ёсьць нейкая вэрсія, у якую яна схільная верыць больш за ўсё, Людміла Станіславаўна адказала, што ўжо «ні ў што ня верыць».

«Паўла майго няма. І сёньня павінны расьсьледаваць і даказваць тыя, хто зацікаўлены ў тым, каб паказаць, што яны сапраўды ўлада, што яны здольныя абараніць сваіх людзей. І ня толькі ва Ўкраіне. Вось і ўсё», — сказала жанчына.

Людміла Станіславаўна дасюль верыць у лёзунг, зь якім жыў Павел: «Сіла не ў сіле, а сіла ў праўдзе»:

«У гэтых словах я не расчаравалася. Людзі, змагаліся за праўду стагодзьдзямі, гэта не адзін год і ня 5 гадоў, і не стагодзьдзе. І ўсё ж такі праўда перамагала, хай ня так хутка, але калі-небудзь пераможа. Можа, мяне ўжо і ня будзе», — сказала маці Паўла Шарамета.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG